Праграма другога дня Агульнабеларускіх дзён моладзі ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля, 21 чэрвеня, уключала катэхезы на розныя тэмы.
У адпаведнасці з тэмамі было дзевяць тэматычных груп. Над гэтымі тэмамі ўдзельнікі моладзевага форуму разважалі разам са святарамі і законнымі сёстрамі розных беларускіх дыяцэзій.
Катэхезу на тэму любові ў адпаведнай групе праводзіў вікарый гродзенскай катэдральнай парафіі кс. Яўген Амасёнак, тут між іншым адзначалася, што “любоў павінна стаць знакам, па якім будуць пазнаваць хрысціяніна”.
Катэхезу на тэму адвагі праводзіў душпастыр моладзі Віцебскай дыяцэзіі кс. Алег Хмылко. Тут разважалася ў прыватнасці пра адвагу ў жыцці маладога чалавека, адзначалася, што “яна патрэбна ў сённяшнія нялёгкія часы ў штодзённым вызнаванні веры”.
Катэхезу на тэму веры праводзіў душпастыр моладзі Пінскай дыяцэзіі кс. Павел Рудзьман. Разважалі таксама над тым, як захаваць і перадаваць веру.
Катэхезу на тэму дапамогі праводзіў душпастыр моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Андрэй Бурак. На тэму радасці – вікарый гродзенскай парафіі Святога Духа кс. Андрэй Юхнік; тут тлумачылася, як несці хрысціянскую радасць у свет.
Катэхезу на тэму сяброўства праводзіла сястра назарэтанка Назарыя Міклаш; тут між іншым адзначалася, што сяброўства “павінна засноўвацца на шчырасці і ўзаемным даверы”.
Катэхезу на тэму сведчання праводзіў пробашч лідскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі айцец піяр Віталій Слука. Сярод іншага, тут было сказана, што “сведчанне сёння вельмі патрэбна свету і людзям”.
Катэхезу на тэму адказнасці праводзіла сястра салезіянка Дар’я Еўтухоўская; на тэму чысціні – ксёндз салезіянін Артур Ляшнеўскі.
Пасля катэхез у кожнай групе былі падведзены вынікі. Акрамя таго, некаторыя ўдзельнікі сустрэчы расказалі пра сваю веру і пра тое, як яны будуюць адносіны з Богам і з іншымі людзьмі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі