19 чэрвеня ў Гродне адзначылі ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыста – адну з самых важных у Касцёле. Адбылася працэсія Божага Цела па вуліцах горада, якой папярэднічала Імша ў катэдры св. Францішка Ксаверыя.
Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, канцэлебравалі святары гродзенскіх парафій. Прысутнічала вялікая колькасць вернікаў парафій горада, у тым ліку дзеці, якія сёлета прыступілі да Першай Камуніі. У ходзе працэсіі гэтыя дзеці спаўнялі, як нам паведамляюць, “ганаровую ролю” – сыпалі кветкі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, які неслі святары.
У пачатку Імшы біскуп сказаў: “Гэтае свята нагадвае, што Пан Езус, аддаючы нам Свае Цела і Кроў, хоча быць з намі ў кожны момант нашага жыцця – у радасцях і смутку, у надзеі і цярпенні. Гэтая Эўхарыстыя – крыніца жыцця і сілы, знак адзінства ўсіх веруючых, якія складаюць Яго Касцёл”.
“Мы з пакорай стаім перад Богам, просячы аб ласцы адзінства, міру і згоды для нас і ўсяго Касцёла на Беларусі, – дадаў іерарх. – У гэты нялёгкі, поўны выклікаў час мы хочам даручыць Божаму Провіду нашу Беларусь, яе жыхароў, дзяржаўную ўладу, усе сем’і, дзяцей, моладзь і пажылых людзей, каб Бог благаславіў нашу краіну, каб вёў нас да адзінства і міру, каб у сэрцы кожнага беларуса была надзея, якая “не асароміць” (Рым 5, 5), надзея на лепшую будучыню”.
У гаміліі біскуп адзначыў, што ў гэты дзень Касцёл “хоча выразіць Богу ўдзячнасць за найцудоўнейшы дар, атрыманы з Яго бясконцай дабрыні, які застанецца з намі назаўсёды, – дар Эўхарыстыі”. “Мы глыбока верым, што ў Найсвяцейшым Сакрамэнце пад відам хлеба і віна прысутнічае сам Хрыстус – наш Пан і Збаўца”, – патлумачыў іерарх.
Ён назваў “вельмі красамоўным” “той факт, што Уваскрослы Збаўца застаўся са сваім народам менавіта пад відам пасілку, прычым самага асноўнага, штодзённага, найпрасцейшага, якім у часы Езуса былі хлеб і віно”. “Якое ж простае і яскравае пасланне, заключанае ў гэтым знаку: падобна як нашаму целу патрэбны фізічны пасілак, без якога яно проста не можа жыць, так наша душа не можа жыць без Эўхарыстыі як пасілку духоўнага”, – сказаў біскуп.
Па яго словах, сакрамэнт Эўхарыстыі нагадвае, “што даброты матэрыяльныя, зямныя, хоць і маюць большую ці меншую каштоўнасць, не найважнейшыя ў жыцці”. “Наш штодзённы хлеб можа забяспечыць нам толькі жыццё зямное, матэрыяльнае, цялеснае, якому смерць калісьці пакладзе канец. І паўстае пытанне: што далей? Эўхарыстыя вучыць нас, што найважнейшы і найкаштоўнейшы скарб – любоў Бога. У Найсвяцейшым Сакрамэнце Езус Хрыстус, Сын Божы, дае нам Сябе дармова, становіцца нашым пасілкам, бо хоча быць з намі кожны дзень, там, дзе мы жывём. Адначасова Ён у сваёй бясконцай любові хоча адарыць нас сапраўдным жыццём, у якога не будзе канца”, – звярнуў увагу біскуп.
Ён прапанаваў вернікам паставіцца да працэсіі Божага Цела “не толькі як да выразу нашай веры, але і як да “нагляднага ўроку” бясконцай Божай любові”: “Езус, якога нясуць у манстранцыі, схаванага ў белай гостыі, пакідае святыню і сімвалічна ўваходзіць у нашу штодзённую рэчаіснасць. Ідучы праз горад, наш Збаўца мінае дамы веруючых і няверуючых, руплівых і абыякавых, шчаслівых і сумных, здаровых і хворых, маладых і старых, мінае крамы і ўстановы, офісы і банкі, гатэлі і рэстараны, прадпрыемствы і музеі, школы і шпіталі – месцы, у якіх праходзіць жыццё звычайных, слабых, грэшных людзей, – каб несці ўсім без выключэння сваё благаслаўленне. Дарогі, якімі штодзень у спешцы рухаюцца натоўпы занятых, заклапочаных людзей, вуліцы, па якіх звычайна імчацца машыны і аўтобусы, у гэты выключны вечар становяцца месцам малітвы і публічнага праслаўлення Пана Бога за тое, што Ён Бог блізкі, Той, які нас ведае і любіць, проста Бог з намі”.
“Ідучы за Ім у працэсіі, вызнаем публічна нашу веру. Але таксама – што яшчэ цяжэй – вызнаем, што хочам “ісці за Ім” у сэнсе біблійным, значыць быць Яго вучнямі і браць з Яго прыклад у штодзённым жыцці”, – заахвоціў біскуп.
Для працэсіі былі падрыхтаваны алтары каля чатырох касцёлаў: катэдры, Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, Адшукання Святога Крыжа, Маці Божай Анёльскай. На прыпынках гучалі ўрыўкі з Евангелля. Паколькі ў Гродне жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, Евангелле чыталася на розных мовах: беларускай, рускай, польскай, літоўскай і англійскай.
Музычнае суправаджэнне працэсіі забяспечылі дыяцэзіяльны хор “Cantate Domino” i духавы аркестр.
У працэсіі ўдзельнічала некалькі тысяч чалавек. Нам паведамляюць: “Для іх гэта была нагода запрасіць Езуса заўсёды быць з імі, публічна і без страху пацвердзіць Яго панаванне над іх жыццём, успомніць, што кожны член Касцёла павінен станавіцца жывой манстранцыяй Хрыста, каб несці ў свет пасілак сваёй веры”.
Працэсія завяршылася перад касцёлам Маці Божай Анёльскай. Біскуп Гродзенскі падзякаваў усім, з чыім удзелам атрымалася яе правесці, у тым ліку мясцовым уладам, міліцыі, службе аховы здароўя і іншым службам. “Ваша дапамога дазволіла нам у спакойнай атмасферы ўзносіць хвалу Богу”, – сказаў іерарх.
Усіх удзельнікаў святкавання ён заклікаў занесці “гэтую евангельскую радасць” дадому і пажадаў: “Заставайцеся ў гэтай цудоўнай атмасферы Божай прысутнасці! Жывіце гэтай прысутнасцю!”
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі