13 чэрвеня ў парафіі ў Малой Бераставіцы адзначылі адпустовую ўрачыстасць у гонар яе нябеснага апекуна – святога Антонія Падуанскага. У той жа дзень кс. Андрэй Казлоўскі, пробашч гэтай парафіі і дэкан Бераставіцкага дэканату, адзначаў 25-годдзе святарства.
Святую Імшу ў парафіяльным касцёле ўзначаліў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч. На літургіі прысутнічала шмат вернікаў парафіі і гасцей, родныя ксяндза Андрэя.
У гаміліі біскуп засяродзіў увагу на постаці святога Антонія. Узгадвалася, што вернікі звяртаюцца да гэтага святога ў розных патрэбах, асабліва калі штосьці згубілі ці знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі, спатыкаюцца з хваробай або іншым выпрабаваннем. Святы Антоні шануецца ў паўсюдным Касцёле ўжо каля васьмі стагоддзяў – найперш як вялікі цудатворца.
“Таксама і мы, як нашы бацькі, дзяды і іх продкі ў даўнія часы, прыходзім у гэтую парафіяльную святыню, каб стаць перад абразом святога падуанца і з удзячнасцю праслаўляць Пана Бога за дар такога вялікага і цудоўнага апекуна”, – сказаў біскуп.
Ён назваў абраз Антонія Падуанскага, які займае ў касцёле гэтай парафіі цэнтральнае месца, маўклівым сведкам веры і пабожнасці мінулых пакаленняў. “Колькі ж малітваў, уздыхаў, гарачых просьбаў і зваротаў узносілася тут да Бога з верай у заступніцтва святога Антонія! Колькі падзякаў было выказана за атрыманыя жаданыя ласкі і спазнаныя цуды! Гэты святы ніколі не падвёў сваіх верных прыхільнікаў, заўсёды прыходзіў да іх з дапамогай”, – дадаў іерарх.
Ён прапанаваў паглядзець на святога Антонія з крыху іншай перспектывы. “Нехта трапна заўважыў, што ён памочнік не столькі ў тым, што згубілася, колькі ў тым, што варта знайсці”, – заўважыў біскуп. Іерарх адзначыў, што духоўнае пасланне гэтага святога можна змясціць у некалькіх словах: “Калі нейкая рэч не вартая таго, каб прыкладваць для яе знаходжання вялікія намаганні, – пакінь яе і забудзь. Калі ж адчуваеш, што страціў нешта важнае, што з’яўляецца сэнсам жыцця, – шукай, не адступай, не давай сабе ні хвіліны спакою, пакуль не знойдзеш гэта”.
Па словах біскупа, калі з увагай прыгледзецца да біяграфіі святога Антонія, можна заўважыць, што ўсё яго жыццё было менавіта такім нястомным пошукам найважнейшага. Гэтым найважнейшым, адзначыў іерарх, для святога была Божая любоў, якую ён адкрываў для сябе і пастаянна абвяшчаў іншым, як словам, так і справай.
Кажучы пра юбілей святарства пробашча парафіі, біскуп падзякаваў яму за дваццаціпяцігадовае служэнне Касцёлу на Гродзеншчыне, дадаўшы, што ён выконваў гэтае служэнне з вялікай руплівасцю і адданасцю – спачатку ў Сапоцкіне, Галынцы і Перстуні, потым у Вялікай Бераставіцы, цяпер, ужо амаль дваццаць гадоў, у Малой Бераставіцы.
Іерарх пажадаў ксяндзу Андрэю, каб Хрыстус шчодра благаслаўляў кожны дзень яго жыцця, адорваў добрым здароўем, памнажаў фізічныя і духоўныя сілы, дадаваў адвагі, суцяшэння, запалу і радасці ў Божым служэнні.
У канцы літургіі вернікі падзякавалі біскупу за візіт і выказалі віншаванні свайму душпастыру, пажадаўшы, каб ён служыў у іх парафіі яшчэ доўгія гады. Таксама адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі