13 чэрвеня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй цэлебраваў у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) святую Імшу ў межах адпустовай урачыстасці ў гонар святога Антонія Падуанскага. Імша была пачаткам традыцыйнага Адэльскага фэсту.
Штогод на гэтай урачыстасці збіраюцца парафіяне і госці. Адэльскі фэст у гонар святога Антонія не пераносіцца на іншы дзень, гэтага святога там ушаноўвалі і ў часы ганенняў на веру.
На літургіі чацвёра вернікаў прыступілі да канфірмацыі. Таксама прысутнічалі дзеці, якія нядаўна прыступілі да Першай Камуніі.
Біскуп, звяртаючыся да прысутных, сказаў, што некаторыя з іх прыбылі на гэтую ўрачыстасць як пілігрымы, дадаў, што такі ўчынак заслугоўвае павагі, і адзначыў, што ў цяперашнім годзе, які з’яўляецца юбілейным, “усе мы можам і павінны адчуць сябе пілігрымамі”. “Жаданнем Святога Айца было, каб кожны хрысціянін стаў пілігрымам надзеі, – сказаў ён, нагадваючы, што Юбілейны 2025 год устанавіў Папа Францішак. – Наша хрысціянская надзея нараджаецца з любові і засноўваецца на любові, якая выліваецца з Сэрца Езуса, прабітага на крыжы”.
Біскуп назваў святых “сведкамі праўдзівай надзеі”, адзначыў, што яны “спачатку адкрылі бязмежнасць Божай любові ва ўласным жыцці, а потым сталі яе нястомнымі вестунамі” і што адным з такіх вестуноў надзеі, найбольш вядомых ва ўсім свеце, з’яўляецца Антоні Падуанскі.
Іерарх заўважыў, што ва ўсім, чаму Антоні вучыў і што рабіў, “людзі адчувалі любоў Бога”, а таксама што яго вучэнне і цуды “ўмацоўвалі ў сэрцах надзею, што добры Бог не пакіне ніводнае са сваіх дзяцей без дапамогі і нікому не адмовіць у ласцы”. Біскуп дадаў, што Антоні “ўмеў рабіць найважнейшае для кожнага святара – набліжаў людзей да Бога”.
У канцы Імшы біскупа павіншавалі з днём нараджэння, які ён адзначаў 14 чэрвеня. У яго гонар выканалі песню. Таксама іерарху была выказана падзяка ад канфірмаваных.
Пробашч кс. канонік Віктар Мыслюк падзякаваў біскупу за візіт, выказаў падзяку таксама іншым прысутным святарам і парафіянам. Ксёндз Віктар нагадаў, што ў пачатку жніўня ў парафіі пройдуць місіі, у межах якіх будуць дзякаваць за 535-годдзе яе існавання, а 15 жніўня – парафіяльная ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, у межах якой арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліць Імшу.
Біскуп Гродзенскі падзякаваў за віншаванні, адзначыўшы: “Дзякуй Пану Богу, што на гэтай дарозе, колькі Ён вызначыў, я не буду адзін. Ён пасылае вас. Дзякуй за малітоўную падтрымку, за вашае прабыванне з Езусам, падтрымку традыцыі”. Іерарх у сваю чаргу выказаў віншаванні тым, хто прыступіў да канфірмацыі, і выказаў падзяку мясцовым уладам “за тое, што яны заўсёды дапамагаюць”.
Таксама было здзейснена благаслаўленне адноўленай фігуры Езуса Хрыста, якая знаходзіцца на тэрыторыі касцёла.
Адбылася працэсія да фігуры святога Антонія, размешчанай звонку касцёла, малітва і благаслаўленне хлеба. На адваротным шляху біскуп раздаваў хлеб дзецям.
Каля касцёла можна было набыць слодычы і рэлігійныя рэчы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі