Skip to main content

Дыяцэзіяльны Дзень дзіцяці прайшоў у Гродне

ddd 81

7 чэрвеня пры парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне прайшоў XI Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці.

Свята было прымеркавана да Міжнароднага дня абароны дзяцей. На ім сабралося больш за 1500 дзяцей з тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі, якія прыбылі са сваімі душпастырамі, законнымі сёстрамі, катэхетамі і бацькамі. Дзень дзіцяці адбыўся пад дэвізам “Пілігрымы надзеі”, які супадае з дэвізам Юбілейнага 2025 года, які праходзіць у Касцёле.

Як кажуць нам пра гэтае свята, яно “не толькі паказала сілу супольнасці, але і пацвердзіла, што мае сталае месца ў календары важных падзей дыяцэзіі”.
У падрыхтоўцы і правядзенні свята ўдзельнічалі больш за сто валанцёраў і аніматараў. Рыхтаваць яго яны пачалі загадзя на тэрыторыі гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай.

ddd 9

Валанцёр Святлана Статкевіч кажа: “Дыяцэзіяльны Дзень дзіцяці для мяне асаблівы. Я ўдзельнічаю ў ім амаль з самага пачатку: спачатку ў дзяцінстве, калі прыходзіла забаўляцца, потым у юнацтве, калі выступала на сцэне, а цяпер як валанцёр. Сёлета мне даручылі незвычайную ролю – фатографа. Назіраць за эмоцыямі ўдзельнікаў прыемна: бачыш іх шырокія ўсмешкі, вочы, якія ззяюць… На маю думку, дыяцэзіяльны Дзень дзіцяці – не толькі свята, але і нагода зрабіць чарговы крок да Бога і іншага чалавека”.

Найважнейшай падзеяй свята была Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Паколькі Дзень дзіцяці праходзіў у вігілію ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, у яго межах прадстаўнікі кожнай парафіі на працягу 15 хвілін удзельнічалі ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, якую праводзілі студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Былі падрыхтаваны аркушы з пералічанымі на іх плёнамі і дарамі Духа Святога, і ў канцы адарацыі дзеці маглі выбраць сабе якісьці з гэтых аркушаў.

Акрамя малітвы, якая займала значнае месца, праграма ўключала разнастайныя атракцыёны, гульні, забавы. У творчых майстэрнях з дапамогай аніматараў можна было зрабіць якуюсьці памятную рэч для сябе. Нам паведамляюць: “Дзеці ахвотна ўдзельнічалі ў гэтых занятках, праяўляючы атрыманыя ад Бога таленты і здольнасці. Арганізатары паклапаціліся аб тым, каб дзеці рознага ўзросту маглі знайсці на свяце штосьці цікавае”.

ddd 6

Па словах Юліі Фрэйбергс, якая была адказнай за адну з творчых майстэрняў, яна “была пад уражаннем атмасферы радасці і цеплыні, якая панавала на Дні дзіцяці”. “Мы адчувалі сябе часткай вялікай і важнай справы – падарыць дзецям свята, пакінуць у іх душах незабыўныя ўражанні”, – кажа яна і называе Дзень дзіцяці “не толькі забавай, але і магчымасцю адчуць сябе любімым і патрэбным”. “Мэтай усяго было даць кожнаму дзіцяці зразумець, што яно выключнае і важнае”, – дадае яна.

У канцы свята яго галоўны арганізатар кс. канонік Юрый Марціновіч выразіў надзею, што яно “яшчэ больш заахвоціць дзяцей дзяліцца Богам з іншым чалавекам”, і дадаў, што “летам да гэтага будзе шмат нагодаў”.

Ксёндз Юрый ад імя ўсіх арганізатараў, аніматараў і валанцёраў свята выказвае ўдзячнасць “усім яго ўдзельнікам”, “многім добрым людзям і арганізацыям, якія падтрымалі правядзенне свята фінансавымі сродкамі і малітвай”, а асаблівую падзяку – “валанцёрам, якія прысвяцілі шмат часу і сіл падрыхтоўцы свята і аказалі вялікую дапамогу ў яго паспяховым правядзенні”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі