Skip to main content

Прадстаўнікі руху “Маці ў малітве” з Гродзенскай дыяцэзіі ўдзельнічалі ў агульнабеларускай сустрэчы

maci pinsk 4З 30 мая па 1 чэрвеня пры пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла агульнабеларуская фармацыйная сустрэча ўдзельнікаў руху “Маці ў малітве”. Гродзенскую дыяцэзію на ёй прадстаўлялі ўдзельнікі руху з Гродна, Ліды, Іўя, Воранава, Крупава, Смаргоні і Шчучына і іх духоўны настаўнік і дыяцэзіяльны мадэратар руху кс. Валерый Пупкевіч SCJ.

Такія сустрэчы праходзяць кожны год у розных месцах Беларусі. Як паведамляюць самі прысутныя, яны лічаць удзел у іх “добрай нагодай, калі маці нашай краіны збіраюцца разам”.

Першы дзень сустрэчы пачаўся святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У слове да прысутных ён сказаў, што сведчанне веры і малітва маці за яе дзяцей маюць вялікае значэнне. Таксама біскуп звярнуў увагу на дзейнасць духоўных настаўнікаў руху, адзначыўшы, што яны дапамагаюць удзельніцам ісці Божым шляхам. Акрамя таго, на літургіі іерарх удзяліў благаслаўленне новым удзельніцам руху – яны прынялі абавязак малітвы за сваіх дзяцей і ўсіх, каму патрэбна матчына апека.

Наступны дзень сустрэчы ўдзельнікі называюць “добрай магчымасцю паразважаць над Божым словам, асабістай малітвай”. Духоўны настаўнік руху ў Віцебскай дыяцэзіі кс. Антон Лагунёнак прапанаваў прысутным паразважаць на тэму прабачэння ў штодзённым жыцці хрысціяніна. Таксама ў праграме былі супольны адпачынак на свежым паветры, экскурсія па горадзе.

У гэты дзень удзельніцы сустрэчы сабраліся на малітве за дзяцей, падзякавалі Богу за святароў і законных сясцёр, якія распазналі пакліканне дзякуючы малітве сваіх маці. Увечары адбыліся адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і Ружанец, падчас якога прысутныя мелі магчымасць даручыць Маці Божай справы руху, сем’яў і Касцёла ў Беларусі. Духоўныя настаўнікі руху ў гэты час неслі служэнне ў канфесіянале, такім чынам можна было прыступіць да споведзі. Акрамя таго, была магчымасць прывітаць удзельніц руху з Гродзенскай дыяцэзіі.

Кульмінацыйным момантам апошняга дня сустрэчы, якім была нядзеля, стала святая Імша, якую цэлебраваў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. Таксама ён прамовіў гамілію. Канцэлебравалі літургію духоўныя настаўнікі руху, у прыватнасці кс. Валерый Пупкевіч маліўся за гэты рух і яго каардынатара ў Беларусі Людмілу Губіну.

Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія па вуліцах горада. Па словах удзельнікаў сустрэчы, “маці ядналіся, аддаючы пашану Езусу Хрысту”, і “далі сваім удзелам у працэсіі вялікае сведчанне веры ў Яго рэальную прысутнасць”.

Пасля абеду ўдзельніцы руху сабраліся ў капліцы былой семінарыі на супольную малітву Вяночка да Божай Міласэрнасці і выслухалі канферэнцыю, з якой выступіў кс. Валерый Пупкевіч. Святар прапанаваў ім паразважаць аб хрысціянскай надзеі. Удзельнікі кажуць: “Дэвіз Юбілейнага года – “Пілігрымы надзеі”, хрысціянская надзея з’яўляецца цнотай і дапамагае нам у штодзённасці, а ў хрысціянскім жыцці можа прыносіць плён толькі тады, калі Езус Хрыстус будзе фундаментам, які ніхто і нішто не можа знішчыць”.

У канцы сустрэчы ўдзельніцы руху атрымалі благаслаўленне.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі