Skip to main content

Студэнты гродзенскай семінарыі ўдзельнічалі ў мужчынскай пілігрымцы ў Баруны з нагоды Дня бацькі

seminaristy piligrimka 2Студэнты прапедэўтычнага курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне з мадэратарам курса кс. Паўлам Скубам узялі ўдзел у мужчынскай пілігрымцы Ашмянскага дэканату ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах. Гэтая аднадзённая пешая пілігрымка адбылася 1 чэрвеня з нагоды Дня бацькі, які адзначаўся ў Гродзенскай дыяцэзіі.

У цэлым у пілігрымцы ўдзельнічала каля 70 чалавек.

Ксёндз Павел Скуба ў ходзе пілігрымкі выступіў з прамовамі. Першая мела назву “Хто такі мужчына ў Бібліі?”, у ёй святар разважаў пра Адама, яго наступнікаў, складанасці жыцця мужчыны і прадставіў у прыкладах, што бывае, калі мужчына ідзе супраць Бога і Яго волі, а таксама што будзе, калі гэтую волю прыняць і жыць з Богам. Другая прамова мела назву “Святы Юзаф як прыклад бацькоўства”.

Удзельнікі пілігрымкі маглі паразмаўляць аб асабістых праблемах, параіцца са святаром.

Як мы ўжо паведамлялі, на адным з прыпынкаў з пілігрымамі сустрэўся і ўдзяліў ім благаслаўленне біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Студэнт гродзенскай семінарыі Яраслаў Булко кажа: “Біскуп быў вельмі рады бачыць такую колькасць бацькоў, падзякаваў ім за іх прысутнасць і сведчанне”.

Прыбыўшы ў санктуарый, пілігрымы мелі магчымасць на адарацыі падзякаваць Богу за пройдзены шлях, а пасля ўдзельнічалі ў святой Імшы.

У дыяцэзіяльны Дзень бацькі ва ўсіх святынях Гродзенскай дыяцэзіі моляцца ў інтэнцыі бацькаў сем’яў: аб патрэбных дарах і ласках – для жывых, аб радасці жыцця вечнага – для памерлых.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі