Skip to main content

Біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў дыяканскае пасвячэнне піяру

dk pastuszin 1531 мая Павел Пастушын, які належыць да Ордэну духоўных рэгулярных убогіх Маці Божай пабожных школ (піяры), прыняў дыяканскае пасвячэнне ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе (Індустрыяльны). Пасвячэнне ўдзяліў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч.

Пасвячэнне адбылося на Імшы, якую ўзначаліў біскуп. На літургіі прысутнічала вялікая колькасць парафіян і госці, у тым ліку настаяцель Польскай правінцыі

Ордэну піяраў а. Матэуш Піндэльскі, а таксама вернікі шчучынскай парафіі св. Тэрэзы ад Езуса, адкуль паходзіць новы дыякан.

Пра пасвячэнне нам паведамляюць, што ў парафіі гэта была “гістарычная падзея”.

У гаміліі біскуп падкрэсліў важнасць дыяканату. “Ты будзеш дыяканам – значыць слугой Езуса Хрыста, які сярод сваіх вучняў паступаў як слуга. Ахвотна выконваючы волю Бога, служы Богу і людзям у духу любові, з радасцю”, – з такімі словамі ён звярнуўся да маладога піяра, які прымаў пасвячэнне.

dk pastuszin 12

Біскуп пажадаў яму, каб ён быў “заўсёды напоўнены Святым Духам і мудрасцю” і, “натхнёны шчырай любоўю да Хрыста, заўсёды хацеў жыць у стане поўнай адданасці Яму”.

“Будзь моцна ўкаранёны ў веры, непахісны і беззаганны перад Богам і людзьмі, як належыць слузе Хрыста і распарадчыку Божых сакрамэнтаў”, – дадаў іерарх.

У канцы літургіі дыякан выказаў усім яе ўдзельнікам падзяку за прысутнасць у гэты дзень, які ён назваў важным для яго самога і для Ордэну піяраў. Таксама ён падзякаваў за малітоўную падтрымку і папрасіў працягваць яе, каб, як было сказана, ён мог адпавядаць той задачы, якую паставілі перад ім Касцёл і ордэн.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі