З нагоды святкаванняў Дня бацькі, які адзначаецца ў Гродзенскай дыяцэзіі ў першую нядзелю чэрвеня, дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах наведала мужчынская пешая пілігрымка Ашмянскага дэканату.
У дарозе з удзельнікамі пілігрымкі сустрэўся і ўдзяліў ім пастырскае благаслаўленне біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Ён падзякаваў мужчынам за іх “сведчанне веры”, якое яны, як было адзначана, “выражаюць, ідучы ў святое месца” – санктуарый, і заахвоціў іх быць апорай і добрым прыкладам для сваіх сем’яў.
Па традыцыі ў дыяцэзіяльны Дзень бацькі ва ўсіх святынях дыяцэзіі моляцца ў інтэнцыі бацькаў сем’яў: аб патрэбных дарах і ласках – для жывых, аб радасці жыцця вечнага – для памерлых.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі