Skip to main content

Біскуп Уладзімір Гуляй удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў гродзенскай катэдры

bezmowanie katedra 1024 мая біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

Сакрамэнт быў удзелены групе вернікаў на святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп. Літургію іерарх цэлебраваў у інтэнцыі канфірмаваных, просячы аб ласцы моцнай веры і адвагі для іх, каб яны маглі штодзённа даваць сведчанне прыналежнасці да вялікай сям’і Касцёла.

У гаміліі біскуп падкрэсліў важнасць гэтага сакрамэнту. Ён нагадаў, што ў канфірмацыі чалавек прымае дары Духа Святога. Па словах біскупа, Дух чакае, што канфірмаваны не зачыніць гэтыя дары на ключ у сваім сэрцы, а будзе несці іх іншым.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў канфірмаваных прыкласці ўсе старанні, каб быць людзьмі веры і любові ў Духу Святым і адважна абвяшчаць Евангелле ўваскрослага Хрыста ўсюды, куды Ён пашле іх.

bezmowanie katedra 8

У канцы Імшы канфірмаваныя падзякавалі ўсім, хто рыхтаваў іх да прыняцця сакрамэнту, у тым ліку сваім душпастырам і катэхетам на чале з пробашчам кс. канонікам Янам Кучынскім – за вялікі ўнёсак у гэтую падрыхтоўку. Па словах канфірмаваных, гэтая падзея мае для іх вельмі вялікае значэнне, абавязвае мужна вызнаваць сваю веру і паступаць згодна з ёю.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Агата Фядкевіч