Skip to main content

З удзелам біскупаў адзначылі 25-годдзе святарства кс. Генадзя Кухарэвіча

kuharewicz25 921 мая ў парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла і Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Ізабэліне (Ваўкавыскі дэканат) адзначылі 25-годдзе святарства кс. Генадзя Кухарэвіча CSMA, пробашча гэтай парафіі.

У парафіяльнай святыні адбылася Імша падзякі з удзелам шматлікіх гасцей. Узначаліў літургію біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, удзельнічалі ў ёй біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, прэзбітэры, законныя сёстры, родныя ксяндза Генадзя, вялікая колькасць мясцовых парафіян і вернікі іншых парафій, дзе ён служыў.
У гаміліі біскуп Гродзенскі сказаў, што “калі святар адзначае 25 гадоў свайго служэння, разам з ім святкуе ўвесь Касцёл”. Іерарх адзначыў, што святарства – “не прафесія, не выбар кар’ернага шляху, а адказ на пакліканне – адказ сэрцам, цалкам адданым Богу”. Біскуп дадаў, што, хоць “у сучаснай культуры шмат кажуць пра лідарства, пра тое, каб быць першым”, святарскае служэнне павінна быць адказам на словы Езуса Хрыста: “Хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе слугою ўсіх”.

Таксама іерарх нагадаў выраз Папы Францішка, што святар “павінен пахнуць сваімі авечкамі”. “Ён павінен ісці разам з імі, але таксама наперадзе – як пастыр, які ведае сваю аўчарню”, – сказаў біскуп і заўважыў, што стыль душпастырства ксяндза Генадзя якраз такі. “Толькі Бог ведае, колькі разоў ты наведваў хворых, колькі разоў вёў дзяцей, моладзь, сужэнствы, пажылых людзей – заўсёды з той пакорай і адданасцю”, – адзначыў біскуп.

kuharewicz25 4

“Святар – гэта як апостал Пётр, які пасля свайго адрачэння ад Езуса чуе: “Пасі авечак Маіх”. Не таму, што дасканалы, а таму, што перажыў прабачэнне, ведае сваю слабасць і ведае, каму даверыўся. Святар – чалавек надзеі, бо ведае Бога, які ніколі не адмаўляецца ад чалавека”, – сказаў іерарх.

Ён дадаў, што шлях ксяндза Генадзя, “як і кожны святарскі шлях, не быў свабодны ад цяжкасцяў” і што праз гэта святар робіцца “больш аўтэнтычным”: “Людзі сёння не шукаюць прапаведнікаў, якія “ўсё ведаюць”. Яны шукаюць сведкаў – тых, хто прайшоў праз ноч і можа гаварыць пра сапраўднае святло”. Біскуп падзякаваў юбіляру за ўсё яго служэнне – “за кожнае дзіця, якое благаславіў”, “за кожнага пажылога чалавека, якога наведаў”, і іншае.

Біскуп звярнуў увагу на тое, як важна святарам мець блізкія адносіны з Маці Божай: “Святар, які не мае адносін з Марыяй, духоўна згублены. Таму сёння мы як супольнасць хочам аддаць цябе, ксёндз Генадзь, пад апеку Найсвяцейшай Маці – Маці святароў, Маці суцяшэння і вернасці”.

Парафіяльную супольнасць біскуп назваў “глебай, у якой укараняецца пакліканне святара”. “Калі глеба ўрадлівая – святар квітнее. І мне здаецца, што сёння ўсе мы можам сказаць з гонарам і радасцю: у Ізабэліне святарства ксяндза Генадзя прыносіць добрыя плады”, – дадаў іерарх.

У канцы Імшы парафіяне павіншавалі юбіляра, падзякаваўшы яму “за вялікае сэрца, здольнае ахапіць кожнага – і маленькага, і дужага”, і за яго служэнне, якое ён, як адзначалася, выконвае з вялікай адданасцю.

Юбіляр у адказ падзякаваў прысутным за ўдзел у святкаванні.

Ксёндз Генадзь паходзіць з парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Старых Васілішках (Шчучынскі дэканат). Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 21 мая 2001 г.

Належыць да Кангрэгацыі святога Арханёла Міхала (міхаліты). З 2019 г. служыць у Ізабэліне і Падароску, раней служыў у Мінску.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі