22 мая 2025 г., у папскай базыліцы св. Пятра ў Ватыкане Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, новапрызначаны Апостальскі нунцый у Беларусі, прыняў біскупскае пасвячэнне, удзеленае Яго Эмінэнцыяй кардыналам П’етро Паралінам, Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці Папы Льва XIV.
Ад імя ўсёй супольнасці Гродзенскай дыяцэзіі і свайго асабіста выказваю Яго Эксцэленцыі сардэчныя віншаванні і найлепшыя пажаданні. Няхай шчодрае благаслаўленне Нябеснага Айца, моц Уваскрослага Хрыста і святло Духа Святога спадарожнічаюць арцыбіскупу ў штодзённым служэнні Святому Касцёлу і плённым спаўненні даручанай яму дыпламатычнай місіі ў Беларусі.
Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, наша Маці і Заступніца, нястомна ахінае Яго Эксцэленцыю плашчом сваёй чулай апекі і просіць свайго Сына аб патрэбных для яго ласках і дарах.
Яднаючыся з арцыбіскупам у духоўнай радасці, запэўніваем яго ў нашай гарачай малітве і з надзеяй чакаем яго прыбыцця ў нашу краіну.
Уладзімір Гуляй
Біскуп Гродзенскі
Гродна, 22 мая 2025 г.