20 мая біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец).
Сакрамэнт быў удзелены на святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп. На літургіі прысутнічала вялікая колькасць парафіян.
У пачатку Імшы іерарх заклікаў вернікаў, якія прыступалі ў гэты дзень да канфірмацыі, адкрыцца на Духа Святога і сем Ягоных дароў: мудрасцi, розуму, рады, мужнасцi, умеласцi, пабожнасцi i боязі Божай.
У гаміліі біскуп адзначыў, што ў канфірмацыі прымаюць таго самага Духа Святога, які, як сказана ў Пісанні, сышоў на апосталаў, і “Ён прыходзіць не для таго, каб зрабіць проста “дарослымі хрысціянамі”, а каб умацаваць для місіі”. Іерарх дадаў, што Дух змяняе чалавека: апосталы пасля Яго прыйсця “сталі мужнымі, вызваліліся ад страху”, і што гэтая сіла будзе таксама ў канфірмаваных. “Вы не павінны разлічваць толькі на свае сілы. Дух Святы – гэта Божая прысутнасць у вашым сэрцы. Ён будзе вашым Настаўнікам, Абаронцам, Дарадцам, Суцяшальнікам”, – сказаў біскуп.
Ён нагадаў, што канфірмацыя – не канец, а пачатак рэлігійнага жыцця і місіі верніка як вучня Хрыста. Таксама іерарх дадаў, што Дух Святы дзейнічае не толькі ў святых, а ў тых, хто адкрыты на Яго. “Бог прыходзіць у той момант, калі ты Яму адкрываешся. Нават калі твая вера маленькая, нават калі ты сумняваешся. Ключ – адкрытасць”, – патлумачыў біскуп.
“Сённяшні свет поўны словаў, але не хапае сведчання”, – звярнуў увагу іерарх і адзначыў, што для сведчання “не трэба быць святаром ці прапаведнікам, трэба быць жывым Евангеллем, каб у вас людзі маглі ўбачыць Божае святло”. “Часам з Евангелля смяюцца, часам ігнаруюць, таму вернасць Хрысту – гэта не толькі пабожнасць. Гэта штодзённы выбар”, – сказаў біскуп. Ён прапанаваў канфірмаваным задаць сабе пытанне: “Ці хачу я, каб Дух Святы кіраваў маім жыццём, ці гатовы я быць Ягоным сведкам, нават калі гэта нязручна?”
Біскуп нагадаў, што дары Святога Духа дадзены “не для таго, каб пакінуць іх сабе, а каб будаваць Касцёл, будаваць ваша жыццё, будаваць дабро ў свеце”. Ён пажадаў канфірмаваным, каб Дух вёў іх праз усё жыццё і казаў ім, што яны не самотныя, што Бог з імі і што свет чакае іх святла.
У канцы Эўхарыстыі канфірмаваныя падзякавалі біскупу за ўдзяленне сакрамэнту, а таксама выказалі падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы да канфірмацыі сваім душпастырам і катэхетам на чале з пробашчам кс. Янам Этэлем SCJ.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі