19 мая ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) прайшла юбілейная сустрэча святароў, законных сясцёр і свецкіх катэхетаў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
Сустрэча адбылася ў межах Юбілейнага 2025 года, які ў Касцёле праходзіць пад дэвізам “Пілігрымы надзеі”. Яе правядзенне ў санктуарыі давала магчымасць набыць у гэтым месцы, прысвечаным Божай Маці, сілы для пілігрымавання праз жыццё. Узначаліў сустрэчу біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, таксама ў ёй удзельнічаў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч.
Пачалася сустрэча канферэнцыяй “Марыя як Маці Касцёла і Кіраўніца ў місіі евангелізацыі. Прыярэтэты новай евангелізацыі”, з якой выступіў кусташ дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Астравецкі дэканат) а. Аркадзь Куляха OCD. Святар адзначыў, што Маці Божая адыгрывае актыўную ролю ў справе збаўлення, з’яўляецца не пасіўным удзельнікам Божага плану, а свядома супрацоўнічае з Божай ласкай; што Маці Божая – першы евангелізатар, бо вучыць абвяшчаць Добрую Навіну, а Яе жыццё – дасканалы прыклад, як можна адкрыцца на дзеянне Бога і стаць прыладай абвяшчэння Яго любові.
Айцец Аркадзь дадаў, што святары, кансэкраваныя асобы і катэхеты могуць чэрпаць натхненне ў духоўнасці Маці Божай. “Яе пастава ў розныя моманты жыцця паказвае глыбокую духоўную дынаміку, якая павінна натхняць кожнага верніка”, – сказаў ён.
Дырэктар Аддзела каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі а. Андрэй Шчупал CSsR выступіў са справаздачай наконт катэхізацыі ў дыяцэзіі ў бягучым навучальным годзе, які падыходзіць да заканчэння.
Кульмінацыяй сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Уладзімір Гуляй.
Узгадваючы ў гаміліі пра дэвіз Юбілейнага года, біскуп сказаў: “Мы – святары, кансэкраваныя асобы і катэхеты – добра разумеем, што наша жыццё сапраўды з’яўляецца пілігрымкай да Бога, да збаўлення, да поўні жыцця ў Яго любові. Мы пілігрымуем па гэтай зямлі, ведаючы, што не застанемся тут назаўсёды, але ўсё ж маем місію, якая надае сэнс кожнаму кроку”. Іерарх дадаў, што жыццё святароў і кансэкраваных асобаў – “сведчанне надзеі, укаранёнай у Хрысце”, і што дэвіз “Пілігрымы надзеі” выражае “іх паставу ў свеце, поўным нявызначанасці, страху і цяжкасцей”.
“Святарства, кансэкраванае жыццё і ўдзел катэхетаў у евангелізацыі існуюць не для таго, каб чакаць іншых, а для таго, каб выйсці да іх, быць сярод іх, у іх праблемах, радасцях і смутках”, – заўважыў біскуп, адзначаючы, што Папа Францішак неаднаразова падкрэсліваў, як важна “не забыцца пра людзей, якія маюць патрэбу ў нас”.
“Мы не павінны быць прывязанымі да матэрыяльных рэчаў, статусу, ушанаванняў, – адзначыў таксама іерарх. – Нашае жыццё павінна быць бедным і простым, каб даваць сведчанне сапраўднай свабоды і адданасці Богу. І ў гэтым сэнсе Папа запрашае нас быць убогімі сэрцам, каб наша служэнне было аўтэнтычным, вольным ад эгаізму”.
Біскуп падзякаваў святарам, кансэкраваным асобам і катэхетам за іх дзейнасць. “Ваша служэнне ў кожным месцы, дзе патрэбны чалавек, які нясе Божую любоў, – гэта вялікая ласка”, – сказаў ён.
Іерарх назваў Маці Божую “прыкладам таго, як кожную хвіліну цалкам аддаваць сябе Божай волі”, і заахвоціў удзельнікаў сустрэчы прасіць Яе аб “ласцы вытрымкі ў пакліканні, каб мы ніколі не згубілі надзеі, не забываліся пра тых, каму пакліканы служыць, памяталі, што наша сіла зыходзіць ад Бога”.
Акрамя таго, на сустрэчы маліліся ў інтэнцыі гродзенскіх іерархаў з нагоды гадавіны іх сакры: першай гадавіны – у біскупа Уладзіміра Гуляя, 34-й – у біскупа Аляксандра Кашкевіча.
У канцы сустрэчы пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў удзельнікам за прысутнасць у вялікай колькасці. Кусташу тракельскага санктуарыя кс. Уладзіславу Сурвілу, які прымаў удзельнікаў такога мерапрыемства ўпершыню, і яго памочнікам біскуп падзякаваў за гасціннасць і адкрытасць.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі