17 мая біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску.
Сакрамэнт быў удзелены на святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп. Прыступілі да канфірмацыі ў асноўным маладыя людзі, прайшоўшы неабходную для гэтага падрыхтоўку праз катэхізацыю, удзел у літургіі, разважанне над Божым словам.
Канфірмацыя – сакрамэнт хрысціянскай сталасці, у якім чалавек атрымлівае сем дароў Святога Духа, – ускладвае абавязак быць сведкам веры ў Езуса Хрыста, берагчы і перадаваць гэтую веру. Канфірмацыя часта адбываецца ў маі.
У гаміліі біскуп нагадаў, што кожную нядзелю хрысціяне святкуюць не толькі Уваскрасенне Езуса, але і Спасланне Духа Святога. Іерарх падкрэсліў, што Святы Дух “не завяршыў сваё дзеянне ў дзень Пяцідзясятніцы, а працягвае сваю дзейнасць і кіруе Касцёлам, умацоўвае вернікаў праз сем сваіх дароў, чыніць іх сваімі жывымі святынямі і дапамагае быць сведкамі Хрыста ў сучасным бездухоўным свеце”. “Каб гэта здзяйснялася, мы павінны дазволіць Святому Духу праявіцца ў нашым жыцці. Для гэтага нельга заставацца пасіўнымі ў адносінах да Яго, думаючы, што Ён усё здзейсніць аўтаматычна”, – сказаў біскуп.
Па яго словах, “праз дзеянне Духа, калі мы сапраўды адчыняем Яму дзверы сэрца, нашае жыццё становіцца часткай вялікіх справаў Божых, а нашая гісторыя – старонкай вялікай Гісторыі Збаўлення”.
Біскуп нагадаў абяцанне Езуса вучням наконт Святога Духа: “Ён у вас будзе” – і дадаў: “Якая ж гэта дзіўная таямніца, вартая захаплення: унутры маёй асобы прысутнічае агонь Божага Духа! Гэтая таямніца – крыніца радасці і падзякі ў сэрцах дзяцей Божых”.
Іерарх адзначыў, што “Дух Святы, уцелаўляючыся ў нашых здольнасцях, жаданнях, думках, пачуццях, словах і дзеяннях, надае канкрэтную форму любові, якая праламляецца ў бясконцым мностве сітуацый”. “Езус дае нам запаведзь любові і адначасова пакідае вялікую прастору для нашай крэатыўнасці, якую натхняе Ягоны Дух – Дух Уваскрослага Пана. Пазнаўшы дзеянне Суцяшыцеля, мы атрымліваем здольнасць быць суцяшыцелямі для іншых: дзяліцца Божым спакоем, радасцю, надзеяй і любоўю”, – заўважыў біскуп.
“Святы Дух чакае ад вас, што вы ўчыніце ўсё магчымае, каб Божая ласка прынесла ў нас “шматлікі плён”, – сказаў іерарх канфірмаваным. – Ён чакае, што дары веры і любові, якія вы атрымалі, не будуць зачынены на ключ у вашых сэрцах, а што вы будзеце несці іх іншым. Езус адчыняе дзверы нашых сэрцаў, зачыненых страхам, і, як некалі сваім вучням, дае мужнасць”. “Зрабіце ўсё магчымае, каб быць людзьмі веры і любові ў Духу Святым і адважна абвяшчаць Евангелле ўваскрослага Хрыста ўсюды, куды Ён нас пасылае”, – заклікаў біскуп.
У канцы літургіі пробашч кс. Аляксандр Раманоўскі падзякаваў іерарху за візіт і ўдзяленне сакрамэнту.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі