Студэнты прапедэўтычнага, першага, другога і чацвёртага курсаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне разам з мадэратарам прапедэўтычнага курса кс. Паўлам Скубам узялі ўдзел у пілігрымцы з Пінска ў Лагішын, дзе знаходзіцца санктуарый Маці Божай Каралевы Палесся. Пілігрымка прайшла 10 мая.
Таксама ў пілігрымцы ўдзельнічаў музычны гурт гродзенскай семінарыі “Ave”.
Семінарыстаў запрасіў у пілігрымку дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, які таксама ўзяў у ёй удзел. У цэлым у ёй удзельнічала каля 150 чалавек – як з Пінскай, так і з іншых дыяцэзій Касцёла на Беларусі, напрыклад, з Ліды і Мінска.
Перад пілігрымкай гурт “Ave” выступіў у Пінску з канцэртам. “Кожная песня кранала душу і прымушала апладзіраваць, махаць рукамі і ліхтарамі ў такт музыцы”, – паведамляюць прысутныя. Па запыце слухачоў гурт пасля выканання падрыхтаваных спеваў выканаў яшчэ некалькі твораў.
Пілігрымка пачалася супольнай малітвай у пінскай катэдры. Біскуп Андрэй Зноска заахвоціў пілігрымаў аддаць Маці Божай усе свае справы і ўдзяліў благаслаўленне. “Набліжаліся да сваёй мэты разам, крок за крокам, нягледзячы на нестабільнае надвор’е, няроўны шлях і ранні пад’ём”, – інфармуюць удзельнікі.
За час пілігрымкі праспявалі мноства спеваў, супольна памаліліся, паслухалі канферэнцыю на тэму Юбілейнага 2025 года. Біскуп і некалькі семінарыстаў распавялі пра свой шлях паклікання.
У санктуарыі святую Імшу, у якой удзельнічалі пілігрымы, узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, канцэлебравалі біскуп эмерыт Казімір Велікаселец, біскуп Андрэй Зноска і некалькі прэзбітэраў. Біскуп Зноска прамовіў гамілію.
“Пілігрымы, стомленыя амаль трыццацікіламетровым шляхам, на каленях даручалі Маці Божай, а праз Яе Богу, сваё жыццё, працу, перажыванні, цяжкасці, родных і знаёмых, прасілі аб неабходных ласках і дарах і дзякавалі за ўсё”, – паведамляюць удзельнікі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі