10 мая парафія святога апостала Андрэя ў Слоніме адзначыла юбілей 250-годдзя свайго касцёла.
На юбілейных урачыстасцях прысутнічалі, акрамя вялікай колькасці парафіян, святары і запрошаныя госці, сярод іх прадстаўнікі мясцовай улады.
Спачатку прысутных пазнаёмілі з гісторыяй слонімскага касцёла, які з’яўляецца мэтай пілігрымавання, пярлінай культурнай спадчыны рэгіёну, візітнай карткай горада і гонарам жыхароў. Касцёл быў пабудаваны дзякуючы фундацыі мясцовага святара кс. Францішка Анцуты і біскупа Віленскага Стэфана Гедройця ў 1770-1775 гг. у стылі віленскага барока. Над роспісам інтэр’ера працаваў, верагодна, мастак Антоні Герліцкі. Святыня перажыла розныя гістарычныя падзеі, моцна пацярпела ў гады Першай Сусветнай вайны, у савецкія часы выкарыстоўвалася як сховішча, што было прычынай яе паступовага разбурэння. Аднаўленнем касцёла займаўся ў 1990-я гады а. Вітальд Жэльветра OFMCap, у гэтым актыўна дапамагалі парафіяне. У 1993 г. касцёл быў рэкансэкраваны.
У межах юбілейных урачыстасцяў адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй і на якой дзякавалі Богу за гэты касцёл.
Біскуп адзначыў у гаміліі, што веруючы чалавек “кожную хвіліну свайго
жыцця, кожную сітуацыю, кожнае здарэнне ўспрымае як нагоду хваліць і праслаўляць Пана Бога”. Іерарх заўважыў, што святкаванне юбілею гэтага касцёла – нагода з удзячнасцю падумаць “аб пачатках хрысціянскай веры на нашых землях, аб місіянерах, якія прынеслі сюды святло Евангелля, і аб нашых продках, якія выказалі паслухмянасць веры і прынялі Хрыста ў свае сэрцы”.
Нагадаўшы гісторыю слонімскай святыні, іерарх дадаў, што “нашых продкаў у іх стараннях хрысціянскага жыцця падтрымлівала Божая ласка”. Па яго словах, за 250 гадоў існавання гэтага касцёла свет вельмі змяніўся, але нязменнымі застаюцца “праўды веры, на якіх мы, хрысціяне, будуем наша жыццё”.
Біскуп з удзячнасцю ўзгадаў пра святароў, чыімі стараннямі слонімскі касцёл у 90-я гады быў адноўлены і якія служаць у ім сёння, “штодзённа будучы жывы Касцёл – супольнасць вернікаў, якая прабывае з Хрыстом і рупліва ахоўвае веру продкаў”. Акрамя таго, ён заахвоціў дзякаваць Богу за ўсіх, хто ўтварае гэтую парафіяльную супольнасць.
Таксама біскуп заўважыў, што “не ўсё ў справах веры можа быць для нас ясным і зразумелым”. Каментуючы адзін з фрагментаў Евангелля, ён адзначыў: там бачна, што апосталы не разумеюць слоў Езуса, але застаюцца з Ім, бо “застацца іх схілілі любоў і давер да Яго”. “Не будзем думаць, што пазбегнем цяжкасцяў у веры.
Давайце памятаць, што вера – гэта нашы асабістыя адносіны з Богам, заснаваныя на любові, пакоры і даверы”, – сказаў іерарх. Ён пажадаў кожнаму з прысутных мець такую веру, заахвоціў “цаніць дар веры, атрыманы ад продкаў, старацца захоўваць гэты дар, памнажаць і перадаць новым пакаленням”.
У канцы літургіі да прысутных звярнуўся сам а. Вітальд Жэльветра, які займаўся аднаўленнем гэтай святыні. Ён падкрэсліў, што аднавіць касцёл удалося дзякуючы старанням вернікаў, якія рупліва і аддана ўключыліся ў гэтую справу.
Цяперашні пробашч парафіі а. Юрый Катовіч OFMCap падзякаваў усім за ўдзел у святкаваннях.
Пасля Імшы адбыліся канцэрт і абед для ўсіх прысутных.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: www.slonves.by