11 мая, у Чацвёртую велікодную нядзелю, якая называецца нядзеляй Добрага Пастыра, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Граўжышках (Ашмянскі дэканат).
Сакрамэнт быў удзелены на святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп.
На літургіі прысутнічалі шматлікія парафіяне і госці.
Іерарх цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі парафіян, якія прыступалі ў гэты дзень да канфірмацыі, з малітвай аб глыбокай веры для іх, і ўсёй парафіі на чале з пробашчам кс. Паўлам Раманоўскім.
У гаміліі біскуп адзначыў, што ў нядзелю Добрага Пастыра Касцёл прадстаўляе Езуса Хрыста як Пастыра, які “ведае сваіх авечак і вядзе іх да жыцця вечнага”. “Езус ведае цябе, тваю вартасць і слабасць. І Ён не адштурхоўвае – наадварот, запрашае, каб ты быў Ягоным. Але каб быць Ягонай авечкай, трэба слухаць Ягоны голас”, – звярнуў увагу іерарх.
Кажучы пра сакрамэнт канфірмацыі, ён заўважыў, што “гэта не проста “пацвярджэнне” веры, а сапраўднае сакрамэнтальнае ўзмацненне”: “вы атрымліваеце поўню дароў Духа Святога, Які ўжо дзейнічае ў вас ад хросту, але сёння яшчэ больш узмацняе вашую здольнасць быць сведкамі Хрыста”.
Біскуп параўнаў канфірмацыю з выхадам апосталаў пасля Пяцідзясятніцы ў свет, каб абвяшчаць Евангелле. “Канфірмацыя – гэта момант, калі Касцёл кажа: “Цяпер ты. Цяпер ты нясеш адказнасць за сваю веру. Цяпер ты павінен даваць сведчанне. Ты павінен быць святлом”, – адзначыў іерарх.
Па яго словах, “быць хрысціянінам – не гарантыя, што не будзе выпрабаванняў, але гарантыя, што вы ніколі не будзеце адны, калі будзеце з Богам”. Біскуп дадаў, што вернасць Хрысту – гэта “штодзённы выбар, жывыя адносіны з Богам, адрачэнне ад граху, выбар дабра нават тады, калі ніхто не глядзіць, адвага казаць праўду, сумленнасць, чысціня, прабачэнне, супраціўленне нянавісці, гвалту, пагардзе”.
“Дух Святы, якога вы сёння атрымліваеце, – не “дух эмоцый” ці “дух настрою”. Ён прыходзіць не для таго, каб толькі крануць вас, а каб перамяніць, каб вы сталі новымі людзьмі”, – сказаў біскуп, звяртаючыся да канфірмаваных.
Бацькам і хросным канфірмаваных, прысутным на літургіі, іерарх нагадаў: “Ваша роля не скончылася. Канфірмацыя – не вызваленне ад адказнасці, а пацвярджэнне вашай місіі: быць першымі настаўнікамі веры, паказваць сваім жыццём, як слухаць голас Добрага Пастыра. Калі вашыя дзеці бачаць, што вы моліцеся, – яны моляцца. Калі бачаць, што вера для вас важная, яна стане важнай і для іх”.
У канцы Імшы канфірмаваныя выказалі біскупу ўдзячнасць за ўдзяленне сакрамэнту. Таксама яны падзякавалі пробашчу парафіі за падрыхтоўку да сакрамэнту.
Пробашч падзякаваў усім прысутным за ўдзел у Эўхарыстыі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі