10 мая біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі Святога Духа ў Гродне.
Сакрамэнт быў удзелены на святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп. Да канфірмацыі прыступілі маладыя вернікі парафіі.
У гаміліі іерарх, звяртаючыся да канфірмаваных, падкрэсліў: “Дух Святы, які будзе вам удзелены праз гэты сакрамэнт, – не толькі сімвал, а рэальная Божая сіла, якая павінна перамяняць вашае жыццё, вашыя сэрцы, вашу прысутнасць у свеце”. Біскуп нагадаў, што канфірмацыя – сакрамэнт хрысціянскай сталасці, які дазваляе стаць паўнавартасным членам супольнасці Касцёла.
“Плады створаны для таго, каб харчавацца імі. І такое значэнне дару Святога Духа: каб прыгажосць, якую мы атрымалі, не была толькі нашай. Мы атрымліваем абавязак дзяліцца нашымі пладамі з іншымі”, – сказаў біскуп.
Ён адзначыў, што канфірмацыя – пачатак асабістай місіі верніка ў Касцёле і што Касцёл – гэта не толькі духавенства, а “кожны з нас”. “Калі нехта сёння кажа: “Касцёл не дзейнічае”, “Касцёл састарэлы”, “Касцёл слабы” – няхай сам сябе спытае: “А што я зрабіў, каб Касцёл быў жывы? Я яго частка ці толькі назіральнік?” – дадаў іерарх.
Кажучы пра тое, што задача канфірмаванага – даваць сведчанне сваёй веры, біскуп патлумачыў: “Сведчанне не азначае, што трэба стаяць на вуліцы з мегафонам і крычаць: “Паверце ў Езуса!” Сведчанне – гэта стыль жыцця. Гэта вашыя рашэнні, вашыя словы, вашыя адносіны, ваш выбар”.
Іерарх заўважыў, што даваць сведчанне не азначае быць дасканалым: “Сведка – гэта той, хто любіць Хрыста, нават калі падае, і заўсёды вяртаецца да Яго. Гэта той, хто не маўчыць, калі трэба гаварыць. Хто не ідзе на кампраміс са злом. Хто любіць Касцёл, нават калі бачыць у ім слабасці, бо бачыць таксама яго святасць і праўду”.
Біскуп сказаў, што праз намер прыняць гэты сакрамэнт канфірмаваныя выказалі рашэнне быць Хрыстовымі, і пажадаў, каб гэтае рашэнне было ў іх жывым кожны дзень і каб Дух Святы нагадваў ім: “Вы не самотныя, з вамі Бог, вы патрэбны Касцёлу, свет чакае вашага святла”.
Канфірмаваныя выказалі падзяку біскупу, а таксама святарам і катэхетам, якія рыхтавалі іх да прыняцця сакрамэнту. Яны адзначылі, што хочуць падтрымліваць дух святой веры, заўсёды жывучы з Богам і будучы Яго вернымі дзецьмі.
Пробашч парафіі кс. канонік Павел Салабуда падзякаваў усім прысутным за ўдзел у супольнай малітве, а парафіянам, якія прыступілі да канфірмацыі, пажадаў не змарнаваць ласкі, атрыманай у гэтым сакрамэнце, а памнажаць яе кожны дзень.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Віталій Шмурай