Skip to main content

Біскуп Гродзенскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў Сапоцкіне

sapockino bezmowanie 119 мая біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне.

Сакрамэнт быў удзелены на святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп. Да канфірмацыі прыступілі маладыя парафіяне.

Пробашч парафіі кс. Антоні Абухоўскі прывітаў прысутных.

У гаміліі біскуп засяродзіў увагу на значэнні сакрамэнту канфірмацыі, які называецца сакрамэнтам хрысціянскай сталасці, у жыцці чалавека. Ён адзначыў, што канфірмацыя для чалавека “не толькі пацвярджэнне яго веры, але і пасыланне яго ў свет, каб абвяшчаць Евангелле”.

sapockino bezmowanie 12

“Гэта момант, калі Касцёл кажа: “Цяпер ты адказны за сваю веру. Цяпер ты павінен даваць сведчанне. Ты павінен быць святлом. Ты павінен быць соллю зямлі”, – дадаў біскуп. – Ужо не дастаткова, што вераць твае бацькі, не дастаткова, што законная сястра ці катэхет кажуць пра Бога на ўроках рэлігіі. Цяпер ты павінен станавіцца на бок Хрыста свядома, стала, адважна”.

Іерарх звярнуў увагу на тое, што гэты сакрамэнт не з’яўляецца фармальнасцю, а таксама заканчэннем катэхізацыі – наадварот, гэта толькі пачатак асабістай місіі кожнага чалавека ў Касцёле.

Біскуп нагадаў, што праз канфірмацыю людзі становяцца сталымі членамі Касцёла – “не пасіўнымі ўдзельнікамі, а адказнымі вучнямі”. “У вас ёсць голас. У вас ёсць задача. У вас ёсць моц Духа Святога”, – сказаў ён, звяртаючыся да канфірмаваных.

Іерарх заклікаў іх кожны дзень даваць сведчанне веры, дадаўшы, што гэта павінна стаць стылем іх жыцця. Ён адзначыў, што сведчанне павінна праяўляцца ў іх рашэннях, словах, адносінах, выбарах, у школе і ВНУ, у інтэрнэце. “Людзі глядзяць, слухаюць і пытаюцца: “Ці сапраўды гэты чалавек верыць у тое, што кажа?” Тваё сведчанне будзе сапраўдным толькі тады, калі будзе аўтэнтычным, перажытым”, – заўважыў біскуп.

У канцы літургіі парафіяне, якія прыступілі да сакрамэнту, выказалі ўдзячнасць біскупу, сваім катэхетам, бацькам і сведкам канфірмацыі. Яны паабяцалі, што будуць старацца ўзрастаць у веры і сведчыць у сваім асяроддзі пра Уваскрослага Езуса Хрыста.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі