Skip to main content

Паведамленне біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя ў сувязі з абраннем Папы Льва XIV

IMG 9587горизонт 2Шаноўныя браты ў Хрыстовым святарстве, паважаныя асобы кансэкраванага жыцця, умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!

Вечарам чацвярга 8 мая мы сталі сведкамі гістарычнай падзеі. З балкона базылікі святога Пятра ў Ватыкане прагучалі словы традыцыйнай формулы, якія паведамілі Вечнаму гораду і свету радасную навіну: “Habemus Papam – У нас ёсць Папа”. Такім чынам, у гісторыі Паўсюднага Касцёла распачаўся чарговы раздзел, які будзе рэалізоўвацца пад кіраўніцтвам новаабранага Біскупа Рыма, Папы Льва XIV.

Пасаду Наступніка святога апостала Пятра заняў 69-гадовы кардынал Роберт Фрэнсіс Прэвост, які паходзіць са Злучаных Штатаў Амерыкі. Новаабраны Біскуп Рыма нарадзіўся ў Чыкага, з’яўляецца манахам-аўгустынцам, шмат гадоў працаваў як святар на місіянерскіх пляцоўках у Перу на розных адказных пасадах: быў, між іншым, фарматарам і выкладчыкам у семінарыі, дырэктарам па справах пакліканняў, адміністратарам парафіі і судовым вікарыем. Вярнуўшыся ў Злучаныя Штаты, быў абраны правінцыялам Ордэну святога Аўгустына, а потым генеральным прыёрам. Святы Айцец Францішак прызначыў яго адміністратарам дыяцэзіі і дыяцэзіяльным біскупам у Перу. У 2023 г. Папа прызначыў яго прэфектам ватыканскай Дыкастэрыі па справах біскупаў, узвысіўшы да годнасці спачатку арцыбіскупа, а потым кардынала. Таксама кардынал Прэвост быў членам іншых важных ватыканскіх дыкастэрый, удзельнічаў у некалькіх папскіх пілігрымках і абрадах Сіноду Біскупаў, прысвечанага сінадальнасці.

Вельмі красамоўны той факт, што ўпершыню ў гісторыі на Пятрову сталіцу пакліканы Папа, які паходзіць з Паўночнай Амерыкі. Гэта яскравы знак паўсюднасці Касцёла. Адначасова новаабраны Папа мае вельмі багаты і разнастайны пастырскі досвед. Як місіянер, а потым біскуп, які служыў у Перу, ён дасканала азнаёміўся з сітуацыяй Касцёла “на перыферыях” – Касцёла, які з’яўляецца вельмі жывым і дынамічным, а адначасова змагаецца з многімі грамадскімі праблемамі і цывілізацыйнымі выклікамі. Як шматгадовы блізкі і давераны супрацоўнік Папы Францішка на розных высокіх пасадах у Апостальскай Сталіцы ён мае глыбокае і ўсебаковае разуменне сітуацыі Паўсюднага Касцёла, усведамляе разнастайнасць і складанасць выклікаў, перад якімі стаіць супольнасць Касцёла ў сучасным свеце. Пры гэтым Папа Леў XIV – чалавек малітвы, глыбокай духоўнасці і сузірання, улюбёны ў Святое Пісанне і тэалагічную думку Айцоў Касцёла.

Знамянальныя першыя словы, з якімі новаабраны Папа звярнуўся да вернікаў Каталіцкага Касцёла і да ўсяго чалавецтва. Гэта было прывітанне міру – тое ж, з якім Хрыстус Уваскрослы звярнуўся да сваіх вучняў. У сваім першым выступленні Святы Айцец падкрэсліў, як моцна патрэбны чалавецтву мір і згода, узаемаразуменне і павага, заснаваныя на сапраўднай любові. Каб дасягнуць гэтага, неабходны дыялог і будаўніцтва мастоў. Цытуючы свайго духоўнага настаўніка, святога Аўгустына, Папа адзначыў, што хоча быць для нас біскупам, а разам з намі – хрысціянінам. Ужо гэтыя першыя знакі дазваляюць бачыць у асобе Папы Льва XIV добрага, адважнага і дасведчанага стырнавога чоўна Пятра на ўзбураных хвалях сучаснасці.

Дарагія браты і сёстры! Мы як вернікі Каталіцкага Касцёла прымаем гэты выбар з вялікай радасцю, у духу сыноўскай адданасці, безумоўнай вернасці і поўнай паслухмянасці. Моцна верым, што абранне Папы з’яўляецца справай Духа Святога, які звышнатуральным чынам кіраваў рашэннямі Калегіі кардыналаў, і верым таксама, што пантыфікат чарговага Наступніка святога апостала Пятра будзе дарам Божага Провіду як для Каталіцкага Касцёла, так і для ўсяго чалавечага грамадства.

Дзякую ўсім вам, умілаваныя вернікі нашай дыяцэзіі, за тое, што вы падтрымлівалі асабістай руплівай малітвай Калегію кардыналаў, сабраную на канклаве. У гэты гістарычны момант прашу кожнага з вас, дарагія браты і сёстры, аб дары штодзённай малітвы за Святога Айца Льва XIV, а таксама ва ўсіх інтэнцыях, якія ён як Наступнік святога Пятра носіць у сваім айцоўскім сэрцы.

Ваш біскуп Уладзімір

Гродна, 9 мая 2025 г.

Версія для друку ТУТ.

Версія на польскай мове ТУТ.