8 мая Каталіцкі Касцёл атрымаў новага Пастыра. У другі дзень канклаву кардынал Роберт Фрэнсіс Прэвост быў абраны Папам і прыняў імя Леў XIV.
З гэтай нагоды біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй звяртаецца да ўсіх вернікаў дыяцэзіі з просьбай падтрымаць малітвай новага Святога Айца і яго служэнне Касцёлу.
Зварот біскупа
Шаноўныя браты ў святарстве, паважаныя асобы кансэкраванага жыцця, умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!
Сёння мы сталі сведкамі гістарычнай падзеі. З балкона базылікі святога Пятра ў Ватыкане прагучалі словы традыцыйнай формулы, якія паведамілі Вечнаму гораду і свету радасную навіну: “Habemus Papam – У нас ёсць Папа”.
Такім чынам у гісторыі Паўсюднага Касцёла распачаўся чарговы раздзел, які будзе рэалізоўвацца пад кіраўніцтвам новаабранага Біскупа Рыма, Папы Льва XIV.
Мы як вернікі Каталіцкага Касцёла прымаем гэты выбар з вялікай радасцю, у духу сыноўскай адданасці, безумоўнай вернасці і поўнай паслухмянасці.
Моцна верым, што абранне Папы з’яўляецца справай Духа Святога, які звышнатуральным чынам кіраваў рашэннямі Калегіі кардыналаў, і верым таксама, што пантыфікат чарговага Наступніка святога апостала Пятра будзе дарам Божага Провіду як для Каталіцкага Касцёла, так і для ўсяго чалавецтва.
Першымі словамі, якія прамовіў новы Папа, былі словы Хрыста Уваскрослага: “Няхай супакой будзе з вамі!” “Я хацеў бы, каб гэтае прывітанне супакою ўвайшло ў вашы сэрцы, дасягнула вашых сем’яў, усіх людзей, дзе б яны ні былі, усіх народаў, усёй зямлі. Супакой вам”, – казаў пад гучныя апладысменты новы Папа.
Вельмі красамоўным знакам з’яўляецца факт, што на Пятрову сталіцу ўпершыню ў гісторыі быў пакліканы Папа, які паходзіць з Паўночнай Амерыкі, мае багаты місіянерскі досвед, з’яўляецца дасведчаным працаўніком Рымскай курыі, блізкім і давераным супрацоўнікам Папы Францішка.
Гэта дае надзею, што сваёй прысутнасцю і шматгадовым пастырскім досведам Святы Айцец узбагаціць Паўсюдны Касцёл, а яго пантыфікат, які распачынаецца, будзе шчодрым на духоўнае дабро для ўсяго свету.
У гэты гістарычны момант горача прашу вас, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі, аб духоўнай падтрымцы для Папы Льва XIV у выглядзе штодзённай малітвы за яго і ва ўсіх інтэнцыях, якія ён як Наступнік святога Пятра носіць у сваім айцоўскім сэрцы.
Ваш біскуп Уладзімір