Skip to main content

Папа Леў XIV у сваім першым звароце заклікаў да міру ў свеце

cq5dam.thumbnail.cropped.1500.844 18“Супакой вам!” – такімі словамі Леў XIV пачаў свой першы зварот, які скіраваў да Касцёла і ўсяго свету ўвечары 8 мая 2025 года з лоджыі благаслаўленняў Базілікі Святога Пятра.

“Дарагія браты і сёстры, гэта першае прывітанне ўваскрослага Хрыста, Добрага пастыра, які аддаў жыццё за Божы статак. Таксама і я хацеў бы, каб гэта прывітанне супакою ўвайшло ў вашы сэрцы, дасягнула вашых сем’яў, усіх людзей, дзе б яны не былі, усіх народаў, усёй Зямлі. Супакой вам!”, - сказаў новаабраны Пантыфік.

Леў XIV заўважыў, што супакой Уваскрослага Хрыста – гэта “бяззбройны супакой і супакой, які абяззбройвае, супакой пакорны, настойлівы і паходзіць ад Бога, які безумоўна любіць усіх”.

“Мы яшчэ захоўваем памяць пра той слабы, але мужны голас Папы Францішка, які благаслаўляў Рым і ўвесь свет у Велікодную раніцу. Дазвольце мне таксама даць гэта благаслаўленне: Бог вельмі любіць нас, Бог любіць нас усіх, а зло не пераможа. Мы ўсе ў руках Божых! Таму без страху, з’яднаныя, трымаючыся за руку з Богам і паміж намі ідзём далей! Мы – вучні Хрыста! Хрыстус апярэджвае нас! Свет мае патрэбу ў Яго святле! Чалавецтва патрабуе Яго як маста, каб яго дасягнуў Бог і Яго любоў!", - сказаў Папа, заклікаючы ўсіх будаваць масты праз дыялог, сустрэчу, яднаючыся ў адзін народ заўсёды ў міры.

Леў XIV выказаў падзяку Папу Францішку і кардыналам, якія абралі яго Наступнікам святога Пятра, каб ісці разам з усім Божым народам і заўсёды шукаць міру, справядлівасці, намагаючыся быць вернымі Езусу Хрысту і без страху абвяшчаць Евангелле.

Пантыфік заўважыў, што належыць да ордэна аўгустыніянаў. Ён нагадаў словы святога Аўгустына, які казаў, што з’яўляецца біскупам для ўсіх. “У гэтым сэнсе мы можам усе крочыць разам да Айчыны, якую нам падрыхтаваў Бог”, - дадаў Святы Айцец.

Леў XIV скіраваў асаблівае прывітанне да Касцёла ў Рыме, падкрэсліўшы, што неабходна разам імкнуцца станавіцца больш місіянерскім Касцёлам, Касцёлам, які будуе масты праз дыялог, будучы адкрытым як Плошча Святога Пятра, гатовая прыняць усіх, хто патрабуе нашай любові.

Пантыфік затым прамовіў зварот на іспанскай мове, скіроўваючы прывітанне да вернікаў дыяцэзіі Чыклая ў Перу, пастырам якой быў.

Святы Айцец падкрэсліў, што Касцёл павінен быць сінадальным і шукаць міру, любові і блізкасці з тымі, хто пакутуе. Спасылаючыся на дзень асаблівай малітвы да Маці Божай Пампейскай, Папа заклікаў разам памаліцца праз заступніцтва Багародзіцы аб міры ў свеце. На заканчэнне ён удзяліў благаслаўленне "Urbi et Orbi" (Гораду і свету).

Паводле Vatican News