Пасля двух тураў галасавання, што прайшлі ў першай палове дня 8 мая 2025 года, кардыналам не ўдалося выбраць новага Пантыфіка. Каля 11.50 па цэнтральнаеўрапейскім часе з коміна Сікстынскай капэлы зноў пайшоў чорны дым.
Яшчэ раніцай на Плошчы Святога Пятра, на якую праз шэрыя хмары прабівалася яркае сонечнае святло, пачалі збірацца вернікі, духавенства, манахіні, турысты і проста цікаўныя гараджане, што хацелі стаць сведкамі гістарычнай падзеі – абрання новага Біскупа Рыма. Некаторыя трымалі ў руках нацыянальныя сцягі сваіх краін, іншыя – ружанцы, ціха прамаўляючы словы малітвы.
У вышыні над духоўным эпіцэнтрам планеты, якім у гэтыя дні стала галоўная ватыканская плошча, ціха луналі беспілотнікі з відэакамерамі, дзякуючы якім трансляцыя вялася з няўяўных раней ракурсаў – уражваючы гледачоў неверагоднымі відамі ансамбля Апостальскага палаца і Базілікі Святога Пятра.
Аб’ектывы тэлекамер тысяч тэлевізійных кампаній свету былі накіраваныя на невялікі дымавы комін, усталяваны на даху Сікстынскай капэлы. Каля яго ў кадры час ад часу з’яўляліся вялікія белыя чайкі, назіранне за якімі скарачала доўгія гадзіны чакання.
З’яўленне чорнага дыму стала знакам таго, што 133 кардыналы з 71 краіны свету – пастыры дыяцэзій, іерархі Рымскай курыі, манахі і місіянеры – якія пасля ранішняй малітвы правялі два туры галасавання, зноў не змаглі выбраць новага Пантыфіка. Наступная сесія канклава пройдзе ў другой палове дня, пасля таго як выбаршчыкі Папы будуць мець магчымасць адпачыць і паразмаўляць у Доме Святой Марты – ватыканскім гасцявым доме, што на гэтыя дні стаў іх часовай рэзідэнцыяй.