5 мая ў парафіі Святога Духа ў Гродне адбылася фармацыйная сустрэча маладых святароў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
У межах сустрэчы ўдзельнікі выслухалі канферэнцыю “Пастаральнае і сацыяльнае служэнне ў Касцёле”, з якой выступіў эканом Гродзенскай дыяцэзіі кс. Віталій Дабраловіч. Цэнтральнай часткай сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
У гаміліі іерарх закрануў тэму веры святара. Таксама ён адзначыў, што сутнасць святарскага служэння – не рабіць нешта “для Бога”, а трываць у веры як жывых адносінах з Езусам Хрыстом.
На гэтым біскуп паставіў моцны акцэнт. “Усе вы, браты, пачынаючы з мяне самога, не рабіце нічога “для Бога”! Не рабіце рэчы, якія называюцца “для Бога”, – сказаў ён. Біскуп дадаў, што Бабілонская вежа якраз узводзілася “для Бога”, але Богу гэтая справа не падабалася, бо вежу будавалі не ў Ім і з Ім, не паводле Яго задумы і слоў, а толькі “для Яго”.
Такім чынам, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заклікаў святароў рабіць не “для Бога”, а “Божыя рэчы”. Па яго словах, адно з наймудрэйшых пытанняў, якое можна знайсці ў Евангеллі паводле Яна, гучыць так: “Што нам рабіць, каб спаўняць Божыя справы?” “Проста слухаць, – адказаў на гэта біскуп. – Калі ў цябе ёсць жаданне штосьці рабіць і гэта не вынікае са Слова, значыць ад Пана Бога, то сядзь і пачакай, ці не пройдзе гэтае жаданне. Бог скажа табе, якія Яго справы і ў чым Ён патрабуе твайго ўдзелу. А для гэтага патрэбна, каб ты прабываў у веры”.
Акрамя таго, іерарх параіў святарам канкрэтныя практыкі, якія могуць дапамагчы знайсці “вечны пасілак”.
Адной з гэтых практык біскуп назваў штодзённую адарацыю ці медытацыю з Езусам Хрыстом у Найсвяцейшым Сакрамэнце ці Божым слове. Гэта, патлумачыў ён, патрэбна не для рашэнняў, а для адчування прысутнасці Бога; у гэтым не трэба ніякай актыўнасці.
Яшчэ адной практыкай біскуп назваў “рахунак інтэнцый”. Ён, па словах іерарха, заключаецца ў тым, каб кожны тыдзень задаваць сабе пытанне: “Тое, што я рабіў, вынікала з веры або з патрэбы ў дзеянні ці ў прызнанні, гэта была руплівасць Духа ці ўцёкі ад цішыні?”
У якасці наступнай практыкі іерарх узгадаў братэрскую падтрымку: яна заключаецца ў тым, каб знайсці святара, з якім будзеш сустракацца раз у месяц, каб разам памаліцца і падзяліцца тым, што Бог кажа праз сваё Слова.
Як яшчэ адну практыку біскуп вылучыў Эўхарыстыю, прычым яна павінна цэлебравацца з усведамленнем, што яна не толькі важная для вернікаў, але і з’яўляецца пасілкам для самога святара. У сувязі з гэтым біскуп нагадаў, што святар – “першы, хто спажывае Хлеб жыцця”.
Біскуп падзякаваў за падрыхтоўку сустрэчы пробашчу парафіі Святога Духа кс. каноніку Паўлу Салабуду, мадэратару пастаяннай фармацыі маладых святароў дыяцэзіі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі