1 мая ў парафіі ў Скідзелі (дэканат Гродна-Усход) адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар святога Юзафа – нябеснага апекуна гэтай парафіяльнай супольнасці.
Парафію наведаў у гэты дзень біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. На святой Імшы іерарх удзяліў групе вернікаў сакрамэнт канфірмацыі.
Пробашч кс. канонік Цэзары Міх, вітаючы прысутных, адзначыў, што адпустовая ўрачыстасць – дзень заўсёды асаблівы для парафіі, калі думкі і малітвы вернікаў скіраваны да іх нябеснага апекуна, які шмат гадоў клапоціцца аб гэтай супольнасці.
У гаміліі біскуп Гродзенскі звярнуў увагу на тое, што Юзаф, муж Панны Марыі і апякун Езуса Хрыста, вельмі шмат гаворыць у Святым Пісанні сваімі дзеяннямі, хоць з яго вуснаў там не гучыць ніводнага слова. Біскуп адзначыў, што Юзаф аказаў каласальны ўплыў на тое, якім чалавекам быў Езус, і выратаваў жыццё Марыі. Іерарх прывёў выказванне Папы Францішка, што сапраўдная духоўнасць “прадугледжвае здольнасць усталёўваць кантакт з сабой” і што чалавек можа выконваць розныя пабожныя практыкі, але ніколі не дакрануцца да свайго граху, пыхі.
Біскуп дадаў, што святы Юзаф быў чалавекам справы. Па словах іерарха, у Пісанні бачна, што нават у цяжкай сітуацыі Юзаф маўчыць, не выказвае злосці ці расчаравання, а выконвае тое, што загадвае яму Бог. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў прасіць у цяжкасцях дапамогі і заступніцтва Юзафа і браць прыклад з гэтага вялікага святога: прыслухоўвацца да Слова, з якім звяртаецца Бог.
Кажучы пра тое, што ў сакрамэнце канфірмацыі на чалавека сыходзіць і ўдзяляе свае дары Святы Дух, біскуп засяродзіў увагу на сцэне спаслання Духа на апосталаў у Святым Пісанні. Іерарх прапанаваў канфірмаваным падумаць, ці ўсведамляюць яны, што ў іх жыве Святы Дух.
Таксама ён адзначыў, што сярод праяваў прысутнасці Духа – спакой і радасць. “Хрысціянства паўстала не дзеля таго, каб палохаць людзей карамі, даваць забароны і загады. Яно ўзнікла з патрэбы і прагнення Божай любові. Спасланне Духа Святога – гэта рэвалюцыя ў Касцёле, бо чалавек напоўніўся Духам свабоды”, – сказаў біскуп.
Ён нагадаў вернікам, якія прыступалі ў гэты дзень да канфірмацыі, што цяпер у іх жыцці будзе дзейнічаць той самы Дух Святы, які натхняў святога Юзафа. Разам з тым біскуп дадаў, што, калі Духа не запрашаць, Ён не прыйдзе да чалавека.
“Канфірмацыя дае нам сілу жыць Евангеллем у свеце, які часта адварочваецца ад Божых каштоўнасцей. І як святы Юзаф у штодзённым жыцці не шукаў сваёй славы, а выконваў волю Божую, так вы, браты і сёстры, будзеце пасланы ў свет, каб быць сведкамі Хрыста ў сваіх сем’ях, школах, на працы і ў грамадстве”, – сказаў іерарх.
Завяршэннем адпустовай урачыстасці была эўхарыстычная працэсія вакол касцёла, падчас якой дзякавалі Езусу за прысутнасць у Эўхарыстыі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі