На канклаве, які пачынаецца 7 мая 2025 года, упершыню колькасць кардыналаў-электараў перавысіць гістарычны ліміт 120, усталяваны яшчэ Паўлам VI у 1975 годзе.
Прызначаны на 7 мая 2025 года канклаў стане гістарычным: згодна з афіцыйнымі данымі, у ім прымуць удзел 133 кардыналы-выбаршчыкі, хоць класічны ліміт іх колькасці быў усталяваны яшчэ ў апостальскай канстытуцыі “Romano Pontifici Eligendo” Паўлам VI – 120 чалавек. Такая сітуацыя ўзнікае ўпершыню ў сучаснай гісторыі Касцёла.
Гістарычная мяжа ўпершыню будзе пераадолена на самім канклаве
Яшчэ да выдання Паўлам VI дакумента ў 1975 годзе, які ўстанаўліваў ліміт, на консісторыі 28 красавіка 1969 года ў Калегіі кардыналаў было ўжо 134 электараў, але менавіта гэты Пантыфік упершыню вызначыў афіцыйную верхнюю мяжу іх колькасці.
Папа Ян Павел II, пацвердзіўшы гэты ліміт у “Universi Dominici Gregis” ад 1996 года, неаднаразова ад яго адступаў. Так, у 2001 годзе колькасць кардыналаў-выбаршчыкаў дасягнула 136, а ў 2003 – 134. Падчас яго пантыфікату калегія часам значна перавышала арыгінальны парог, хоць да моманту канклава колькасць электараў звычайна прыводзілася ў адпаведнасць. Кожны раз, калі ліміт быў перавышаны – гэта быў свядомы крок у адказ на патрэбы часу.
Перавышэнне ліміту заўжды мела свае прычыны
Бэнэдыкт XVI таксама двойчы пераўзыходзіў абмежаванне: у 2012 годзе выбаршчыкаў стала 125. Такая ж тэндэнцыя захавалася і пры Францішку, які перавышаў ліміт 120 на ўсіх дзесяці консісторыях свайго пантыфікату, уздымаючы колькасць нават да 140.
Гэта першы выпадак, калі ліміт у 120 кардыналаў-выбаршчыкаў будзе перавышаны непасрэдна на момант правядзення канклава, а не толькі пасля абвяшчэння консісторыя. Хоць двое кардыналаў не змогуць удзельнічаць па стане здароўя, на галасаванне збярэцца рэкордная колькасць электараў.