Skip to main content

У адпустовую ўрачыстасць св. Юрыя біскуп Гродзенскі ўдзяліў у Ашмянах сакрамэнт канфірмацыі

oszminy 128 красавіка біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй наведаў парафіяльную супольнасць св. Арханёла Міхала ў Ашмянах. У гэты дзень там адзначалася адпустовая ўрачыстасць у гонар святога Юрыя, мучаніка.

Біскуп цэлебраваў у парафіяльным касцёле святую Імшу, на якой групе вернікаў быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі.

На літургіі сабраліся святары Ашмянскага дэканату, шматлікія парафіяне і госці.

У гаміліі біскуп адзначыў, што святы Юрый, які прыняў за сваю веру мучаніцкую смерць у IV стагоддзі, рэалізаваў заклік Езуса Хрыста – “адрачыся ад сябе, узяць свой крыж і ісці за Ім”. Іерарх прапанаваў падумаць, ці можа быць жыццё мучаніка першых стагоддзяў хрысціянства ўзорам для чалавека ХХІ стагоддзя.

“Быць хрысціянінам – гэта значыць быць другім Хрыстом: мець тыя ж думкі, як у Хрысце, – патлумачыў біскуп. – Найвялікшая мэта хрысціяніна – быць як Настаўнiк; гэтае прагненне нарадзіла вялікіх святых. Яно было асновай і для святога Юрыя”. Па словах іерарха, гэтае жаданне выказваюць і тыя, хто прыступае да канфірмацыі: яны хочуць, каб Дух Святы, якога атрымліваюць у гэтым сакрамэнце, умацоўваў іх для мужнага вызнавання веры і для жыцця паводле яе запаведзяў.

oszminy 17

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што гэты сакрамэнт павінен азначаць не завяршэнне рэлігійнага жыцця, а новы пачатак, бо гэта сакрамэнт хрысціянскай сталасці. Таксама ён адзначыў, што, прыступаючы да канфірмацыі, важна памятаць тры рэчы. Першая – канфірмаваны памазваецца Святым Духам, каб умацоўвацца Ім, і для гэтага трэба з Ім супрацоўнічаць, быць адкрытым на Яго дзеянне. Другая – канфірмацыя ўмацоўвае адзінства з Хрыстом праз малітву, Эўхарыстыю, споведзь і іншыя рэлігійныя практыкі, Дух Святы дапамагае станавіцца падобным да Хрыста ў штодзённым жыцці. Трэцяя – імкнуцца быць адважным сведкам веры, як апосталы, якія пасля спаслання на іх Святога Духа сталі смела абвяшчаць Хрыста, не баючыся пераследу.

Па словах біскупа, “якім бы ні быў Божы план для кожнага чалавека, ёсць адна агульная для ўсіх справа – быць сведкамі Хрыста і Яго Евангелля”.

“У хрысціянстве нішто не дзейнічае аўтаматычна, – дадаў іерарх. – Бог шануе свабоду чалавека і чакае яго адказу і свядомага рашэння. Ён дае нам дары Святога Духа і гэтым самым дае вельмі каштоўны падарунак. Але ці распакуем мы яго, залежыць толькі ад нас”.

У канцы літургіі вернікі, якія прыступілі да канфірмацыі, падзякавалі біскупу, сваім катэхетам і душпастырам. Пробашч парафіі кс. Ян Варанецкі выказаў іерарху падзяку за візіт і ўдзяленне сакрамэнту.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі