Skip to main content

У Воранаве адзначылі з удзелам біскупа Гродзенскага ўрачыстасць Божай Міласэрнасці

woronowo adpust 1827 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, у санктуарыі ў Воранаве (Радунскі дэканат) адбылася парафіяльная ўрачыстасць, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

Гэты дэканальны санктуарый, якім апякуюцца ксяндзы палатыны, носіць тытул Божай Міласэрнасці. Свята Божай Міласэрнасці, якое адзначаецца праз тыдзень пасля Вялікадня, кажа аб тым, што Езус Хрыстус адорвае душы, якія звяртаюцца да Яго міласэрнасці, мноствам ласкаў.

На ўрачыстасці сабраліся жыхары Воранава і наваколля. Пробашч парафіі кс. Анджэй Вітэк SAC, вітаючы прысутных, падкрэсліў важнасць свята Божай Міласэрнасці не толькі для мясцовай супольнасці, але і для ўсяго Касцёла.

У межах урачыстасці біскуп Гродзенскі здзейсніў благаслаўленне дванаццаці вітражоў, усталяваных у санктуарыі. Змясціць іх у гэтай святыні планавалася даўно.

woronowo adpust 15

Два вітражы, усталяваныя на галоўным уваходзе, выяўляюць апекуноў парафіі – апосталаў Сымона і Юду Тадэвуша, астатнія аб’яднаны тэматыкай Божай міласэрнасці: на іх прадстаўлены св. Фаўстына Кавальская, бл. Міхал Сапоцька, святыя Ян Павел ІІ і Вінцэнт Палоцці, а таксама прабачэнне блуднага сына і споведзь, каб падкрэсліць, што Бог міласэрны і прабачае чалавека.

Святую Імшу ў межах урачыстасці біскуп цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае мясцовую парафіяльную супольнасць, у тым ліку ксяндзоў палатынаў і сясцёр палатынак, якія там служаць.

У гаміліі біскуп патлумачыў, чаму, як распавядаецца ў Святым Пісанні, Езус Хрыстус пасля свайго ўваскрасення доўгі час з’яўляўся апосталам. Па словах іерарха, такім спосабам Езус хацеў паказаць вучням, што Ён жывы, “што Яго ўваскрасенне, як трапна выказаўся Папа Францішак у адным з велікодных пасланняў, – не магічная формула, якая разганяе праблемы, а перамога любові над коранем зла, якая не “выцясняе” пакуты і смерць, але праходзіць іх наскрозь, адкрываючы шлях у неспасціжнае, ператвараючы зло ў дабро”.

Такім чынам, адзначыў біскуп, уваскрасенне Езуса і ўсе сустрэчы пасля ўваскрасення – “не проста шчаслівы фінал Яго справы на зямлі” і не акцэнтаванне Яго ўлады і сілы: “адметная рыса гэтых сустрэч – Яго прабітыя рукі і бок, Яго праслаўленыя раны”. Іерарх нагадаў словы Папы Бэнэдыкта XVI, што “раны Уваскрослага – доказ пераможнай любові, яны дапамагаюць зразумець, хто такі Бог”. У гэтым, па словах біскупа, бачна, што аблічча Бога – міласэрнасць: “толькі Бог, які любіць нас настолькі, каб прыняць на сябе нашы раны і наш боль, варты веры, і (…) уваходзячы ў Яго таямніцу праз раны, мы разумеем, што міласэрнасць з’яўляецца пульсам Яго сэрца”.

Свята, устаноўленае ў гонар міласэрнасці Бога, дае магчымасць акунуцца ў гэтую міласэрнасць, адзначыў біскуп. “Мы запрошаны ўвайсці ў таямніцу Бога праз раны Езуса, які з любові да нас дазволіў прабіць сабе рукі і бок, – сказаў іерарх. – Папа Францішак падказвае нам, што ў гэтым ёсць навука для нас, быццам сам Езус хацеў сказаць кожнаму: калі ты не спакойны, дакраніся да Маіх ран”.

Біскуп дадаў, што “ў ранах Збаўцы вучні могуць распазнаць любоў, якая не адступае перад іх расчараванымі надзеямі і прэтэнзіямі, перад усім тым, з чым яны змагаюцца пасля Яго смерці”; “у такую цяжкую хвіліну Езус не пакідае іх”, “аднаўляе сувязі, якія былі разарваныя”, “не абвінавачвае іх у тым, што яны адракліся ад Яго”. “Езус паказвае свае раны, каб паказаць нам, што ў Пасху можна адкрыць новы шлях: ператварыць раны ў прасторы святла. Бог не абвінавачвае нас, а любіць. Гэта вызваляе ад страху і роспачы. Ён заўсёды працягвае да нас сваю руку, каб падняць, – падкрэсліў іерарх. – Таму радуйся, брат і сястра, таму што вы сапраўды шчаслівыя, бо хоць і не бачылі Яго, аднак любіце Яго”.

Акрамя таго, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заўважыў, што Божая міласэрнасць заклікае праяўляць міласэрнасць да бліжніх. Яна абавязвае дакрануцца да ран Езуса ў “нашых братах і сёстрах, якія пакутуюць, якія ў роспачы, згубіліся, напалоханыя, адкінутыя, духоўна параненыя”, адзначыў біскуп, дадаўшы, што рабіць гэта трэба не ў адзіночку, а разам, як супольнасць веруючых.

У канцы літургіі пробашч і вернікі парафіі падзякавалі іерарху за супольную малітву з імі і папрасілі ўдзяліць ім благаслаўленне, каб яны з дапамогай Божай міласэрнасці маглі працягваць свой жыццёвы шлях і спаўненне свайго паклікання.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Карына Сарэла, Маргарыта Сарэла