Skip to main content

Адзначаецца 12-я гадавіна прабывання Папы Францішка на Апостальскім Пасадзе

7537382a500513 сакавіка 2013 г. Мітрапаліт Буэнас-Айрэса кардынал Хорхе Марыё Бергольё быў абраны Папам – біскупам Рыма і галавой Каталіцкага Касцёла ва ўсім свеце, узяўшы імя Францішак.

Свой пантыфікат ён урачыста распачаў 19 сакавіка. Ён стаў першым Папам, які абраў сваім апекуном св. Францішка Асізскага, першым з Лацінскай Амерыкі, першым езуітам на гэтай пасадзе. Ён другі з найстарэйшых Папаў: старэйшым за яго быў Леў XIII, які памёр у 93 гады.

Папа Францішак здзейсніў 46 паездак за мяжу, наведаўшы 66 дзяржаў, 39 падарожжаў па Італіі, наведаў 23 рымскія парафіі.

Ён здзейсніў 175 абрадаў беатыфікацыі, у межах якіх благаслаўлёнымі былі абвешчаны 1532 чалавекі; 24 абрады кананізацыі, у тым ліку кананізацыю Яна Паўла ІІ.

Ён прызначыў 2205 біскупаў, у тым ліку біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя.

У час яго пантыфікату былі праведзены 10 кансісторыяў, у межах якіх прызначаны 163 кардыналы.

Ён выдаў чатыры энцыклікі, сем апостальскіх адгартацый, дзве аўтабіяграфічныя кнігі.

Ён уключыў у каляндар падзей Каталіцкага Касцёла Сусветны дзень бедных – адзначаецца ў 33-ю Звычайную нядзелю (з 2017 г.), Нядзелю Божага слова – у 3-ю Звычайную нядзелю (з 2020 г.), Сусветны дзень дзядуляў, бабуль і пажылых людзей – у нядзелю, бліжэйшую да 25 ліпеня (з 2021 г.), Сусветны дзень дзіцяці – адзначаецца з мінулага года.

Згодна з абяцаннем у пачатку свайго пантыфікату, Папа Францішак стараецца дасягнуць перыферый свету, краін, аддаленых у геаграфічным сэнсе, з грамадскімі і эканамічнымі цяжкасцямі. Там ён на вачах усяго свету нагадвае пра людзей, выключаных з грамадства і забытых, ахвяр войнаў. Часта ў сваіх прамовах ён кажа пра пакуты мігрантаў і ахвяр стыхійных бедстваў. Выступае пасярэднікам у складаных спрэчках, выказваецца супраць усялякіх форм насілля, рашуча супрацьстаіць канфліктам і войнам. Указвае на крызіс сям’і, эканамічную несправядлівасць, дыскутуе з прадстаўнікамі іншых рэлігій на тэму заняпаду веры, бачачы ў гэтым пагрозу агульначалавечай культуры.

Сёлетнюю гадавіну свайго пантыфікату Папа Францішак праводзіць у шпіталі. Падтрымаем жа яго малітвай, каб ён паправіўся і мог ажыццяўляць свае абавязкі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі