Skip to main content

У Папяльцовую сераду ў гродзенскай катэдры адбылася Імша з удзелам біскупаў

popelec katedra 445 сакавіка, у Папяльцовую сераду, якой распачаўся Вялікі пост, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй узначаліў Імшу ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

На літургіі быў здзейснены абрад пасыпання галоваў вернікаў попелам, які адбываецца ў гэты дзень. Абрад кажа пра тое, што ўсё зямное і часовае праходзіць, а Бог з’яўляецца вечным, Ён адарыў чалавека несмяротнай душой і абяцаў вечнае шчасце ў небе. Перыяд Вялікага посту з’яўляецца ў Касцёле часам пакаяння, калі людзей заклікаюць да спраў, якія садзейнічаюць навяртанню: да малітвы, посту і міласціны.

Разам з пастырам Касцёла на Гродзеншчыне Імшу канцэлебравалі біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч і святары, якія служаць у катэдральнай парафіі і ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. У літургіі ўдзельнічалі вернікі розных парафій горада і студэнты семінарыі.

popelec katedra 41

У пачатку літургіі біскуп Гродзенскі назваў Вялікі пост “шляхам навяртання, шляхам пакаяння і ўстрымання, якое, аднак, не з’яўляецца самамэтай, а служыць таму, каб мы ўваскрэслі з Хрыстом, аднавілі сваю хрысціянскую тоеснасць, нарадзіліся нанова з вышыні, з Божай любові”; “шляхам, які вядзе нас да перамогі міласэрнасці над усім тым, што імкнецца нас знішчыць або ператварыць у нешта, што супярэчыць годнасці Божых дзяцей”.
“Наследаваць Хрыста ў Яго перамозе над грахом і смерцю мы можам толькі тады, калі верым, што ў Ім на нас усіх шчодра пралілася Божая ласка і дар збаўлення”, – дадаў іерарх.

У гаміліі біскуп засяродзіў увагу на словах з Другога паслання апостала Паўла да Карынцянаў: “Вось цяпер час спрыяльны, вось цяпер дзень збаўлення” (2Кар 6, 2).

Ён прапанаваў удзельнікам літургіі падумаць над пытаннямі: “Ці ёсць ува мне жаданне гэтага часу Вялікага посту? Ці сумую я па Богу, які сумуе па мне?”

Біскуп дадаў, што час, пра які ў гэтых словах гаворыць апостал Павел, – час асаблівага ўмяшання Бога. “Бог праходзіць праз сярэдзіну майго часу, маіх спраў, хоча надаць майму жыццю больш глыбокі сэнс, – патлумачыў іерарх. – Калі я жыву для Яго – для Таго, хто мяне стварыў, хто сумуе па мне, – маё жыццё набывае сэнс. Гэты сэнс называецца “любоў”. Такі час нам патрэбны ў гэтыя бліжэйшыя сорак дзён посту”.

popelec katedra 51

Біскуп нагадаў, што праз крыжовую муку і смерць Хрыстус “перамог усю гідоту граху і ўваскрос”. Такім чынам, сказаў іерарх, Езус памяняўся месцамі з чалавекам: “тое месца граху, якое несла мне смерць, Ён запоўніў Сабой, а мяне збавіў”.

Іерарх адзначыў, што Бог – Любоў, якая “перамагла самае страшнае ў нас, – гэта значыць грэх, – а ўзамен дала нам жыццё”, а спачатку гэтая Любоў мусіла ўзяць на сябе смерць кожнага чалавека, каб той мог жыць.

Нагадваючы пра словы: “Памятай, што ты прах і ў прах вернешся”, якія прамаўляе святар у абрадзе пасыпання галоваў попелам у Папяльцовую сераду, біскуп сказаў: “Пасля ўваскрасення Езуса гэтыя словы гучаць ужо зусім інакш”. “Я ведаю, што я прах і ў прах вярнуся, але ў праху не застануся, – патлумачыў ён. – Я не застануся ў зямлі, бо Езус пакінуў магілу пустой. Я не застануся ў зямлі, я ўваскрэсну разам з Ім да жыцця”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Станіслаў Бервячонак