Skip to main content

Пастырскі ліст біскупа Уладзіміра Гуляя на Першую нядзелю Вялікага посту 2025 года

IMG 9587горизонтУмілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!

Сёння ў літургіі мы адзначаем першую нядзелю Вялікага посту. Перад намі саракадзённы шлях унутранай цішыні, устрымання, пакаяння і навяртання, які павінен духоўна аднавіць і ўмацаваць нас, зрабіць больш трывалымі ў веры, якую мы вызнаём, і прывесці да сапраўднага паяднання з Богам і бліжнімі. У канцы гэтага велікапоснага шляху будзе радаснае святкаванне пасхальнай таямніцы Езуса Хрыста, значыць Яго пераходу праз муку і смерць да хвалы Уваскрасення. Калі мы добра правядзём літургічны перыяд Вялікага посту, велікодныя святы стануць для нас чымсьці большым, чым толькі касцёльнай урачыстасцю, – стануць асабістай сустрэчай з Хрыстом Уваскрослым і досведам Яго ласкі, якая мае моц перамяніць, аднавіць і асвяціць кожнае чалавечае сэрца.

Гэты год мы ў Касцёле праводзім як Юбілейны, а яго галоўным пасланнем – па волі Папы Францішка – з’яўляецца надзея. “Крочма разам у надзеі” – так гучыць заклік, які Святы Айцец зрабіў назвай свайго сёлетняга Паслання на Вялікі пост.

Ва ўсіх людзей ёсць надзея. Вельмі часта нашы чалавечыя надзеі звязаны са справамі зямнымі, якія здаюцца нам асабліва важнымі і жаданымі: добрае здароўе, шчаслівае асабістае і сямейнае жыццё, стабільная і высокааплатная праца, рэалізацыя ўласных амбіцый і талентаў, добрыя адносіны з бліжнімі, дабрабыт і бяспека… Няма нічога дрэннага ў тым, што мы жадаем разнастайных дабротаў гэтага свету, што цэнім іх і можам імі цешыцца. Мы можам клапаціцца аб іх і нават прасіць Пана Бога ў малітве, каб адарыў нас імі.

Аднак нам трэба памятаць, што сапраўдная хрысціянская надзея ідзе далей і глыбей, чым зямныя даброты і каштоўнасці. “Калі мы спадзяёмся на Хрыста толькі ў гэтым жыцці, то мы самыя няшчасныя сярод людзей” (1Кар 15, 19), – перасцерагае святы Павел. Калі нашы малітвы, мары, жаданні і чаканні абмежаваны толькі зямнымі справамі, мы наіўныя і заслугоўваем спачування. Бо нас, несумненна, чакае вялікае расчараванне, таму што ўсялякія даброты і каштоўнасці гэтага свету мімалётныя і недаўгавечныя. Нам нагадаў пра гэта ў мінулую сераду вельмі красамоўны абрад пасыпання галоваў попелам, калі мы пачулі звернуты да нас заклік: “Памятай, што ты прах і ў прах вернешся”.

Перад абліччам паўсюднай недаўгавечнасці і мімалётнасці ўсяго зямнога, уключаючы чалавечае жыццё ў гэтым свеце, ззяе ва ўсёй сваёй прыгажосці пасланне хрысціянскай надзеі. “Езус, які памёр і ўваскрос, з’яўляецца цэнтрам нашай веры […], – падкрэслівае Папа Францішак у буле Spes non confundit. – Дзеля нас Ён прайшоў праз драму смерці. Любоў Айца ўваскрасіла Яго ў моцы Духа, чынячы з Яго чалавечнасці пачатак вечнасці для нашага збаўлення. Хрысціянская надзея засноўваецца менавіта на гэтым: перад абліччам смерці, калі здаецца, што ўсё заканчваецца, мы атрымліваем упэўненасць, што дзякуючы Хрысту, дзякуючы Яго ласцы, перададзенай нам у хросце, «жыццё […] змяняецца, але не заканчваецца» назаўсёды. Бо ў хросце, пахаваныя разам з Хрыстом, мы атрымліваем у Ім, уваскрослым, дар новага жыцця, якое разбурае муры смерці, робячы яе пераходам у вечнасць” (SNC, 20).

Вялікі пост – час ласкі, дадзены для таго, каб мы зірнулі на наша зямное жыццё з перспектывы вечнасці. Такі позірк павінен дапамагчы нам у тым, каб адарваць сэрцы ад празмернай прыхільнасці да дабротаў гэтага свету і ўкараніць надзею ў Хрысце, чыё Уваскрасенне з’яўляецца залогам нашага паўстання з мёртвых і паўнаты шчасця ў жыцці вечным.

Евангелле, якое чыталася сёння, апавядае аб тым, як Пан Езус перад пачаткам сваёй публічнай дзейнасці пайшоў у пустыню, дзе сорак дзён пасціўся і дзе Яго спакушаў д’ябал. На прыкладзе трох спакусаў, якія ідуць па чарзе, паказана хітрая стратэгія ворага нашага збаўлення. Бацька хлусні (пар. Ян 8, 44) надае свайму шэпту аблічча прывабных прапановаў, якія могуць здавацца маральна дапушчальнымі і нават добрымі. Кожная са спакусаў мае сваю схаваную мэту: сатана хоча любым коштам разбурыць адносіны Сына Божага з Нябесным Айцом, узбудзіць у сэрцы Езуса сумненні наконт Божай любові і апекі, адвесці Яго ад пакорнага і паслухмянага спаўнення Божай волі і схіліць да ўсталявання ўласнага “я” на першым месцы ў жыцці.

Пан Езус паспяхова супрацьстаіць атакам сатаны, перамагаючы яго спакусы адносінамі сапраўднай любові, поўнага даверу і безумоўнай адданасці Нябеснаму Айцу. Цудоўная перамога над ворагам яшчэ больш умацоўвае Езуса ў адчуванні Божага сыноўства і становіцца прадказаннем канчатковай перамогі над сатаной на дрэве крыжа.

Пасланне сённяшняга Евангелля асабліва павучальнае для нас, якія пастаянна пераносяць атакі духоўнага ворага. Спакуса сама па сабе не з’яўляецца грахом, пакуль мы ёй не паддаёмся, гэта значыць пакуль не дазволім, каб яна перамагла наш розум і волю. Прыклад Пана Езуса вучыць нас, што крыніца духоўнай моцы ў супрацьстаянні спакусам – глыбокае ўнутранае з’яднанне з Богам у веры, надзеі і любові.

Вялікі пост – час пайсці ў духоўную пустыню, каб там разам з Езусам паглыбляць у сабе ўсведамленне Божага сыноўства і ўдасканальвацца ў пераадольванні ўсялякага зла. Гэта шлях навяртання і духоўнага аднаўлення – своеасаблівая пілігрымка надзеі.

Дарагія браты і сёстры, ад нас у вялікай меры залежыць, ці будзе велікапосны час ласкі пражыты глыбока і плённа, ці прычыніцца ён да нашага духоўнага ўзрастання і ці наблізіць нас да Хрыста, нашага Збаўцы. Паклапоцімся аб тым, каб сёлетні Вялікі пост быў найперш часам узмоцненай, гарачай малітвы, як асабістай, так і сямейнай. Няхай не будзе недахопу нашай прысутнасці на нядзельнай святой Імшы, удзелу ў велікапосных рэкалекцыях, у цудоўных традыцыйных набажэнствах Крыжовага шляху і Песень жальбы. Прыступім да сакрамэнту пакаяння, які мае вялікае значэнне на нашай асабістай дарозе навяртання. Папа Францішак нагадвае нам: “Сакрамэнт паяднання […] з’яўляецца вырашальным, важным і абавязковым крокам на шляху веры кожнага чалавека. У ім мы дазваляем Пану знішчыць нашы грахі, вылечыць нашы сэрцы, падняць і абняць нас, каб мы ўбачылі Яго чулае і спачувальнае аблічча. Бо няма лепшага спосабу пазнання Бога, чым дазволіць Яму паяднаць нас з Ім (пар. 2Кар 5, 20)” (SNC, 23).

Паспрабуем у гэты час ласкі яшчэ больш адкрыцца на нашых бліжніх, зразумець і адчуць, якім вялікім дарам з’яўляецца кожны чалавек, якога Божы Провід ставіць на нашым шляху. Святы Айцец Францішак піша аб гэтым у Пасланні на Вялікі пост: “Хрысціяне пакліканы крочыць разам, а не як самотныя падарожнікі. Дух Святы натхняе нас выходзіць за межы саміх сябе, каб ісці да Бога, а таксама да братоў і сясцёр, і ніколі не замыкацца ў сабе. Крочыць разам – значыць быць «ткачамi» адзінства, зыходзячы з агульнай годнасці дзяцей Божых (пар. Гал 3, 26-28). Гэта значыць рухацца наперад плячо ў плячо, без зневажання іншых ці ўзвышэння над імі, без знішчальнай зайздрасці ці крывадушнасці, не дазваляючы нікому адстаць або адчуваць сябе выключаным. Давайце ісці ў адным кірунку, да адной мэты, з любоўю і цярплівасцю слухаючы адзін аднаго”.

Жадаю вам, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі, глыбока і плённа правесці велікапосны час пакаяння і навяртання. З усяго сэрца благаслаўляю ўсіх вас, памятаю пра вас у сваіх малітвах і пакорна прашу аб малітве за мяне.

Ваш біскуп Уладзімір

Гродна, 09.03.2025 г.

Тэкст Ліста для друку ТУТ>>>

Тэкст Ліста па-польску ТУТ>>>