4 сакавіка, у свята апекуна Гродзенскай дыяцэзіі святога каралевіча Казіміра, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася ўрачыстая Эўхарыстыя.
Перад Імшой канонікі катэдральнага капітулу, апекуном якога таксама з’яўляецца святы Казімір, сабраліся на малітве Літургіі гадзін.
Пробашч парафіі ўзгадаў памерлых святароў, якія мелі імя Казімір – у тым ліку кардынала Казіміра Свёнтка, ксяндзоў Казіміра Войнюша, які служыў у Ішчолне, і Казіміра Жыліса, які доўгі час служыў у гродзенскай катэдры, – і заклікаў маліцца за іх.
Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, у цэлебрацыі ўдзельнічаў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч. Катэдра была напоўнена вернікамі.
Біскуп Гродзенскі, звяртаючыся да прысутных, нагадаў, што сёлета свята апекуна дыяцэзіі адзначаецца напярэдадні Вялікага посту. Па словах іерарха, гэта добрая магчымасць папрасіць у малітве для сябе, сваіх сем’яў, горада Гродна і ўсёй дыяцэзіі “адважнай і шчодрай любові да Бога і бліжняга, якой палымнеў святы Казімір”.
“Праз гэтую цэлебрацыю Эўхарыстыі мы жадаем асаблівым чынам падзякаваць Богу за тое, што падарыў нам святога Казіміра, а самому святому – за тое, што ён нястомна ўдасканальвае нашы сэрцы”, – сказаў біскуп.
Дэкан катэдральнага капітулу кс. канонік Генрык Яблонскі ў гаміліі звярнуў увагу на тое, што святы Казімір “палюбіў Бога і даверыўся Яму”, “меў матэрыяльны дастатак, але не ішоў на кампраміс з верай, быў адданым Богу”.
У канцы Імшы пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў удзельнікам за супольную малітву.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі