23 студзеня ў касцёле Святой Сям’і ў Верцялішках (дэканат Гродна-Усход) адбылася ўрачыстая Імша падзякі ў 50-гадовы юбілей пробашча гэтай парафіі кс. Яўгена Барысюка.
У прыгожай парафіяльнай святыні, пабудаванай нядаўна дзякуючы старанням ксяндза Яўгена, сабраліся шматлікія парафіяне і госці. Прысутнічалі святары, сярод іх тыя, хто вучыўся з юбілярам на адным курсе ў семінарыі, яго родныя, у тым ліку маці, прадстаўнікі мясцовай улады.
Літургію ўзначаліў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска.
У гаміліі арцыбіскуп Станеўскі заахвоціў маліцца за юбіляра, падкрэсліўшы, што для яго гэта самы цудоўны і значны падарунак. Кажучы пра рысы асобы ксяндза Яўгена, ён вылучыў сярод іх пакору. Таксама іерарх узгадаў жыццёвы шлях юбіляра, яго родны дом, дзе той адкрыў пакліканне да святарскага служэння, яго бацькоў – маці Лілію і спачылага бацьку Міхала.
Арцыбіскуп падзякаваў ксяндзу Яўгену за служэнне на ніве Пана, асабліва за будаўніцтва парафіяльнага касцёла і Касцёла духоўнага, які складаецца з вернікаў.
Іерарх пажадаў святару, каб ён і далей з запалам служыў людзям, да якіх быў пасланы.
У канцы Імшы юбіляру было выказана шмат слоў пажаданняў і падзякі. Сярод іншых яго павіншаваў ад імя ўсіх ягоных аднакурснікаў біскуп Андрэй Зноска.
Ксёндз Яўген сардэчна падзякаваў усім за малітву ў яго інтэнцыі, асабліва ў дзень юбілею.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Галіна Валюшка