Skip to main content

Кусташ тракельскага санктуарыя наведаў аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых і інвалідаў

balnica 120 снежня кусташ санктуарыя Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях кс. канонік Юрый Бяганскі наведаў аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у вёсцы Бастуны.

Кожны такі дом стараецца як мага лепш падрыхтавацца да Божага Нараджэння, каб гэтыя святы былі сапраўднымі, з адпаведнымі традыцыямі і ў той жа час максімальна хатнімі і сямейнымі.

Падрыхтоўка да Калядаў у аддзяленні пачалася са споведзі, намашчэння хворых і святой Імшы, якая забяспечвае яго насельнікам духоўную гатоўнасць да святаў. Ксёндз Юрый Бяганскі ўдзяліў ім гэтыя сакрамэнты і цэлебраваў Эўхарыстыю.

“Адзінота – цяжкае выпрабаванне для чалавека. Асабліва калі ўжо даюць сябе адчуваць пражытыя гады, адольваюць хваробы, а побач няма блізкіх, каму можна паскардзіцца на трывогі, якія ўсё часцей ахопліваюць душу, на тое, што сам ужо не можаш абслугоўваць сябе, і не пачуеш у адказ ласкавае слова, не адчуеш, што цябе па-ранейшаму любяць і цэняць”, – адзначыў святар у гаміліі.

Ён падзякаваў персаналу аддзялення за апеку над пажылымі людзьмі і інвалідамі, праз якую насельнікі адчуваюць спакой і клопат пра іх.

Пра сваё жыццё распавяла Вера Філіпаўна Цімафеева – адзіны ветэран Вялікай Айчыннай вайны, які пражывае ў Воранаўскім раёне. Сёлета ў маі яна адзначыла 99 гадоў з дня нараджэння. Яна была франтавой медсястрой, прайшла ваенны шлях у складзе 3-га Беларускага фронту, першы з шасці яе баявых медалёў быў “За абарону Масквы”. Яна выходжвала ў шпіталі артылерыста Іллю Цімафеева пасля кантузіі, а потым малады афіцэр знайшоў яе ў канцы вайны. Далейшае мірнае жыццё яны будавалі разам. Усё гэтае жыццё жанчына правяла ў Воранаўскім раёне, больш за 30 гадоў працавала загадчыцай яслямі ў Радуні; ветэран вайны, сяржант медыцынскай службы, ветэран працы.

На заканчэнне візіту кусташ тракельскага санктуарыя пажадаў насельнікам аддзялення спакойнага і плённага перажывання святаў Божага Нараджэння, багатага на сюрпрызы ад Хрыста.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі