19 лістапада біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў капліцу Маці Божай Міласэрнасці ў Падліпках, якая належыць да парафіі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад).
Нагодай да супольнай малітвы іерарха з вернікамі Падліпак і наваколля была нядаўняя адпустовая ўрачыстасць у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці. Яе абраз знаходзіцца ў бакавым алтары капліцы.
Акрамя таго, у гэты дзень адзначалася 25-годдзе з часу асвячэння і ўмуравання вуглавога каменя ў будоўлю капліцы. Прысутныя маліліся за ўсіх, хто прычыніўся да паўстання гэтай святыні.
На малітве сабраліся шматлікія вернікі, а таксама святары дэканату на чале з дэканам кс. Янам Рушніцкім.
Усіх прысутных прывітаў пробашч парафіі кс. канонік Віктар Мыслюк.
Біскуп Кашкевіч узначаліў святую Імшу. Гамілію прамовіў генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч. Святар нагадаў гісторыю паўстання капліцы і дадаў, што яна з'яўляецца месцам пашырэння культу Божай Міласэрнасці.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне асвяціў галоўны алтар капліцы, пабудаваны некаторы час таму дзякуючы старанням былога пробашча парафіі кс. каноніка Валерыя Быкоўскага і вернікаў.
Біскуп падзякаваў парафіянам за іх прабыванне з Хрыстом, а таксама заахвоціў берагчы веру і ўзрастаць у ёй.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі