Skip to main content

Сярэбраны юбілей святарства адзначыў у Астраўцы кс. канонік Юзаф Багдзевіч

bagdewicz 429 кастрычніка ў парафіі святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы адбылася ўрачыстая Імша з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага.

На Эўхарыстыі пробашч гэтай парафіяльнай супольнасці кс. канонік Юзаф Багдзевіч, дэкан Астравецкага дэканату, дзякаваў Богу за 25 гадоў святарскага жыцця.

“Мінула 25 год, а памятаецца тая хвіліна, калі біскуп ўдзяляў пасвячэнне”, – сказаў юбіляр, вітаючы ўсіх прысутных.

Гамілію прамовіў біскуп Касабуцкі, былы аднакурснік ксяндза Багдзевіча. Іерарх адзначыў, што напісаны шматлікія трактаты, кнігі, разважанні, у якіх разглядаецца, што такое святарства ў Новым і Старым Запаветах. Ён звярнуў увагу, што святарства, як акрэсліў Ян Павел II, – гэта дар і таямніца. “Дар, які чалавек атрымаў без аніякай заслугі”, – дадаў біскуп.

На юбілей прыбылі не толькі парафіяне ксяндза Юзафа, але і яго родныя брат і сястра са сваімі вялікімі сем’ямі. На самым пачатку Імшы ён падзякаваў сваім бацькам за тое, што выхавалі яго ў сапраўднай веры і любові да Бога. Таксама павіншаваць яго сабраліся святары, якія раней працавалі ў астравецкай парафіі, якія вучыліся з ім на адным курсе, якія працуюць у Астравецкім дэканаце і іншыя.

Прагучала вельмі шмат цёплых слоў падзякі яму за ахвярнае служэнне ў розных беларускіх парафіях.

На заканчэнне Эўхарыстыі кс. Юзаф падзякаваў арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму за цэлебрацыю Імшы, біскупу Юрыю Касабуцкаму, святарам і парафіянам – за прысутнасць і супольную малітву.

bagdewicz 5

Ксёндз канонік Юзаф Багдзевіч паходзіць з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары (Шчучынскі дэканат).

Прэзбітэрскае пасвячэнне ўдзяліў яму 12 кастрычніка 1997 г. у катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне біскуп Аляксандр Кашкевіч.

З 2003 г. з’яўляецца пробашчам парафіі святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы.

Яна Алекса