Skip to main content

Адбылася пілігрымка з Каробчыц у Польшчу шляхам Яна Паўла II

piligrymka JPII 1З 27 па 30 кастрычніка адбылася пілігрымка з Каробчыц у Польшчу шляхам св. Яна Паўла II. У ёй прынялі ўдзел вернікі з Каробчыц, з Гродна і яго ваколіц, а таксама з Мінска.

У першы дзень пілігрымы наведалі каралеўскі горад Кракаў. Наведванне яны распачалі ранішняй Імшой ля Крыжа святой Ядвігі ў кракаўскай катэдры. Далей яны накіраваліся ў касцёл святога Станіслава, біскупа, на Скалцы, пабывалі ў катэдры на Вавэлі і прайшліся вуліцамі Кракава, захапляючыся яго прыгажосцю.

Затым пілігрымаў чакала дарога ў санктуарый Маці Божай Кальварыйскай у Кальварыі Зэбжыдоўскай, дзе быў час на асабістую малітву, супольны Ружанец і Марыйны Апэль.

piligrymka JPII 8

На другі дзень пасля ранішняй Імшы вернікі накіраваліся з Кальварыі Зэбжыдоўскай у Вадавіцы, месца нараджэння святога Яна Паўла II. Пілігрымы наведалі базыліку, дзе быў ахрышчаны святы, і дом, у якім ён правёў дзяцінства і які цяпер з’яўляецца музеем. Пакаштаваўшы “папескія крэмувкі” (мясцовыя слодычы), яны накіраваліся ў Чэнстахову. Пілігрымы вельмі чакалі сустрэчы з Чорнай Мадоннай, Пані Яснагурскай. Галоўным момантам гэтага візіту быў Яснагурскі Марыйны Апэль.

Трэці дзень пілігрымы распачалі Імшой у капліцы Маці Божай Чэнстахоўскай. Затым было наведванне санктуарыя, музея, выставы, пасля чаго вернікаў чакала дарога дадому.

Асаблівую падзяку ўсе ўдзельнікі пілігрымкі выказваюць генеральнаму консулу Рэспублікі Польшча ў Гродне Анджэю Рачкоўскаму за дапамогу ў атрыманні віз.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі