Skip to main content

Беларускія капуцыны наведалі сваю “калыску” ў Пераломе

peralom 1Манаская супольнасць капуцынаў Беларусі наведала Пералом на мяжы з Літвой каля Гожы. Для іх гэта асаблівае месца, якое яны называюць сваёй “калыскай”.

Менавіта ў Пераломе капуцыны з’явіліся на пачатку мінулага стагоддзя. У 1930-я гады яны пабудавалі там драўляны кляштар, пастаянна жылі ў Пераломе да 1955 г., а апошні з іх, брат Крыспін, жыў у пустэльні, калі там ужо не было ні касцёла, ні кляштара, да 1984 г.

peralom 6

Сёння на месцы кляштара драўляная капліца, узведзеная дзякуючы старанням вернікаў у 1990-я гады, і невялікі дом, які мясцовыя жыхары і дачнікі называюць “капуцынавай хатай”. Ад старога касцёла засталіся фундамент, сутарэнні і вялікі крыж, які стаіць на пагорку. На месцы ўваходу ў ранейшую святыню знаходзіцца помнік з надпісам, які паведамляе, што тут былі кляштар і касцёл капуцынаў.

Нагодай для наведвання законнікамі Пералома, дзе яны цэлебравалі святую Імшу, была 25-я гадавіна заснавання першых капуцынскіх структур. Яны памаліліся таксама ў інтэнцыі Кустодыi Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў на Беларусі і аб новых пакліканнях з нашай краіны ў гэты ордэн.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі