Skip to main content

Парафія ў Міхалішках у адпустовую ўрачыстасць адзначыла свой 400-гадовы юбілей

mihaliszki 129 верасня, у свята святых Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, парафія ў Міхалішках (Астравецкі дэканат), нябесным апекуном якой з’яўляецца Арханёл Міхал, адзначала адпустовую ўрачыстасць. Таксама ў гэты дзень парафія святкавала 400-годдзе свайго існавання.

Двайное свята сабрала ў парафіяльным касцёле вялікую колькасць духавенства, мясцовых вернікаў, гасцей, якія ўдзельнічалі ў супольнай малітве. Асабліва прыемна парафіянам было бачыць шаноўнага госця – арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча, якога на парозе касцёла цёпла прывіталі дзеці і дарослыя і які цэлебраваў святую Імшу.

Парафіяне сустрэлі іерарха вершам:

Шаноўны арцыбіскуп наш
Тадэвуш Кандрусевіч!
Вітае сёння шчыра Вас
Людзей прысутных безліч.
 
Мы рады ў чарговы раз
У святыні нашай бачыць Вас,
Каб свята разам адзначаць
І Бога-Збаўцу праслаўляць!
 
Касцёл у Міхалішках – цудоўны храм,
Прыгожы, светлы, усім любімы.
Ужо многа год адкрыта служыць нам
На карысць людзям і сваёй Радзімы.
 
А вось парафіі чатырыста ўжо год.
І вельмі цешымся мы з гэтай даты,
Што з даўніх пор у Бога верыць наш народ
І з часам робіцца духоўна больш багаты.
 
А сёння святы Арханёл Міхал
Сабраў усіх нас у міхалішскай святыні.
Шаноўны госць, выказваем Вам шмат пахвал
І просім аб малітве з той прычыны!

 

У гаміліі арцыбіскуп акцэнтаваў увагу на тым, што святы Міхал – сімвал барацьбы дабра са злом, перамогі дабра над злом, таму па прыкладзе патрона парафіі кожны з вернікаў павінен шчыра несці святло і служыць Богу, памятаць, што ёсць Божыя законы, па якіх трэба жыць, не забываць пра дабро ў адносінах да бліжняга.

Іерарх выказаў думку, што вернікі міхалішскай парафіі вельмі шчаслівыя, бо маюць такую прыгожую святыню з багатай гісторыяй. Ён дадаў, што за 400 год існавання парафіі тут адбылося многае і цудоўна, што праз гады ў людскіх сэрцах захаваліся моцная вера, надзея і любоў.

mihaliszki 9

На заканчэнне Імшы адбыліся выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і эўхарыстычная працэсія. Усе ўдзельнікі ўрачыстасці атрымалі благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Пробашч ксёндз Анатоль Захарэўскі шчыра падзякаваў арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу за тое, што ў чарговы раз знайшоў час завітаць у Міхалішкі, каб падзяліцца Божым словам, сваёй мудрасцю і аптымізмам. Усім прысутным святарам і вернікам пробашч выказаў падзяку за супольную малітву.

Арцыбіскуп павіншаваў прысутных са святам, пажадаў парафіі працягваць годна пісаць новую старонку сваёй гісторыі, а таксама паабяцаў, што абавязкова яшчэ не раз завітае ў Міхалішкі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі