
29 лістапада ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе адбыліся “Андрэйкі” для моладзі. Сёлета гэтая традыцыйная забаўляльная сустрэча, якая арганізуецца напярэдадні першай нядзелі Адвэнту, ва ўспамін апостала Андрэя, прайшла пад назвай “Multiverse Pati”.
Моладзь апранула касцюмы сваіх любімых персанажаў з фільмаў, мультфільмаў і серыялаў. “Цудоўна, што традыцыя збірацца на такую вечарыну ў апошнюю суботу перад Адвэнтам цешыцца папулярнасцю сярод моладзі”, – паведамляюць нам з парафіі.
“Андрэйкам” папярэднічала святая Імша. Вікарый парафіі кс. Дзмітрый Малец, які прывітаў удзельнікаў вечарыны, пажадаў ім добрага настрою і правесці гэты час з задавальненнем.
Сустрэча прайшла весела. Было шмат гульняў, танцаў, конкурс на найлепшы касцюм. Акрамя таго, моладзь падрыхтавала фотазону, дзе можно было зрабіць памятныя здымкі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
