Skip to main content

У адпустовую ўрачыстасць у Зарачанцы адзначылі юбілей парафіі і касцёла

zaraczanka 558 верасня ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы (Баля Касцёльная) адзначалася адпустовая ўрачыстасць тытулу касцёла.

У гэты дзень шматлікія мясцовыя вернікі і госці дзякавалі Пану за дар парафіі.

Сёлета адзначаецца 95-я гадавіна ўтварэння зарачанскай парафіяльнай супольнасці і 85-я гадавіна пабудовы святыні. Парафія была заснавана ў 1927 г., каменны касцёл будаваўся ў 1934-1937 гг. на сродкі кс. Антонія Баршчэўскага і парафіян.

Па запрашэнні пробашча кс. прэлата Вітальда Лазавіцкага на юбілейную ўрачыстасць прыбылі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і святары. Прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады, а таксама ахвярадаўцы і спонсары, дзякуючы якім ёсць магчымасць правядзення пры парафіі рамонтных і будаўнічых прац.

Біскуп цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае парафіяльную сям'ю, тых, хто стаяў ля пачаткаў утварэння парафіі, будаўніцтва касцёла, хто прычыняўся да таго, каб святыня была прыгожай.

zaraczanka 35

Зарачанскі касцёл, які сёння з'яўляецца помнікам архітэктуры з рысамі неаготыкі, мае багатую гісторыю, у якой былі і трагічныя падзеі. У 1969 г. святыня была зачынена і ператворана ў зернясховішча. Вернікі трымалі галадоўку ў інтэнцыі вяртання касцёла, але яго ім не аддалі. У 1970 г. католікі не выйшлі на працу ў калгас, патрабуючы, каб святыня не была зернясховішчам, але ўлады вярнулі ім будынак касцёла толькі праз 19 гадоў.

Біскуп Кашкевіч заахвоціў усіх прысутных на ўрачыстай Эўхарыстыі дзякаваць Богу за ўсе дары і ласкі, якія яны атрымалі ад Яго, наведваючы святыню.

У гаміліі кс. канонік Ян Кучынскі казаў пра свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, тытул якога мае зарачанскі касцёл. Святар заклікаў звяртацца да Маці Божай, жаданне якой – каб Яе Сын Езус Хрыстус кожны дзень нараджаўся ў сэрцах людзей.

Таксама на Імшы прысутныя дзякавалі Пану за сёлетні ўраджай. У межах сваёй удзячнасці яны прынеслі ў святыню дажынкавыя вянкі, якія благаславіў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.

zaraczanka 48

Акрамя таго, удзельнікі ўрачыстасці павіншавалі пробашча кс. прэлата Вітальда Лазавіцкага з днём нараджэння.

Свята завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла і спевам гімну Te Deum laudamus, якім прысутныя дзякавалі Богу за ўсе дары і ласкі, атрыманыя за апошнія 95 гадоў вернікамі гэтай парафіяльнай супольнасці.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Аліцыя Габіс