Skip to main content

Пра Эўхарыстыю разважалі на “Канікулах з Богам” у гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай

kanikuly sbogom 41З 8 па 10 жніўня ў маладой парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай у Гродне ў першы раз адбыліся летнія “Канікулы з Богам”. Дзеці і моладзь, якія на іх сабраліся, ахвотна праводзілі час разам у малітве і забавах.

На перыяд адпачынку арганізатары прапанавалі тэму “У пошуках скарбу Эўхарыстыі”. Кожны дзень прысутныя разважалі пра тое, што з Езусам можна сустрэцца ў Эўхарыстыі, на адарацыі, а таксама наведваючы Яго, прысутнага ў табэрнакулюме.

У праграме кожнага дня былі канферэнцыя, гульні і забавы. Завяршаўся дзень святой Імшой.

kanikuly sbogom 39

У апошні дзень “Канікул з Богам” Імшу цэлебраваў пробашч парафіі кс. канонік Юрый Марціновіч у інтэнцыі законнай сястры Алены, якая сёлета адзначае 25-годдзе манаскага жыцця.

Дзеці і моладзь на заканчэнне Імшы выказалі сястры віншаванні, а таксама падзякавалі ёй за служэнне ў гэтай парафіі, якое яна завяршае згодна з рашэннем сваіх настаяцеляў з Кангрэгацыі Дачок Найчысцейшага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі (сэрцанкі).

Сустрэча традыцыйна скончылася вясёлым вечарам са смажаннем каўбасак і спевам.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі