Skip to main content

 У Росі прайшлі рэкалекцыі для сясцёр з розных манаскіх супольнасцяў, якія дзейнічаюць у Беларусі

2019 11 10 sisters 010З 31 ліпеня па 6 жніўня ў рэкалекцыйным доме «Голас Айца» ў Росі (Гродзенская дыяцэзія, Ваўкавыскі дэканат) праходзілі рэкалекцыі для сясцёр з розных кангрэгацый, якія працуюць у нашай краіне.

Такія духоўныя практыкаванні адбыліся ў нашай краіне ўжо ў другі раз і былі арганізаваныя Радай Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў i таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.

2019 11 06 sisters 001

У рэкалекцыях узялі ўдзел 18 законных сясцёр, якія нясуць служэнне ва ўсіх чатырох дыяцэзіях на Беларусі, каб супольна перажыць час духоўнага аднаўлення.

Кіраўніком на гэтай дарозе ўнутранай перамены быў ксёндз Андрэй Лысы SChr. Тэма рэкалекцый гучала: «Голас таго, хто кліча ў пустыні». На працягу пяці дзён знаходжання ў «пустыні» з дапамогай аскетычных канферэнцый і разважанняў сёстры прыглядаліся да асобы Яна Хрысціцеля. Гэты біблійны сведка Хрыста стаўся для іх прыкладам чалавека ўнутрана цэласнага; таго, хто заўсёды вядзе да Бога.

2019 11 06 sisters 003

Рэкалекцыі аб’ядналі сясцёр на супольнай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, супольнай цэлебрацыі Літургіі гадзінаў і малітве ў санктуарыі Езуса Журботнага. У цэнтры штодзённай малітвы адарацыі была просьба аб супакоі ў свеце праз заступніцтва Марыі, Каралевы супакою. Побач з малітвай быў час і для фізічнай актыўнасці, што дапамагала зняць эмацыйную напружанасць, каб з большай адкрытасцю прымаць духоўны змест.

Супольныя рэкалекцыі для сясцёр з розных кангрэгацый прайшлі ў вельмі добрай, радаснай, Божай атмасферы.

Дзелячыся ўражаннямі аб перажытых духоўных практыкааннях, іх удзельніцы згодна выказвалі веру ў тое, што гэты час «пустыні» прынясе плён асабістага духоўнага навяртання кожнай сястры і перамены чалавечых сэрцаў, якія яны штодзённа даручалі Богу ў малітве.

2019 11 06 sisters 007

Паводле Catholic.by