Skip to main content

Біскуп Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі моладзі каробчыцкай парафіі ў незвычайным месцы

karalino 4713 чэрвеня, у літургічны ўспамін св. Антонія Падуанскага, доктара Касцёла, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці вернікам парафіі св. Станіслава, біскупа, і св. Максімільяна Марыі Кольбэ, мучаніка, у Каробчыцах (дэканат Гродна-Захад).

Імша прайшла ў аграсядзібе “Каралінскі фальварак Тызенгаўза”, дзе знаходзіцца капліца св. Міхала Арханёла, пабудаваная і асвячаная ў 2010 г.

На Эўхарыстыі, якую біскуп цэлебраваў у інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці на чале з яе пробашчам кс. Янам Рушніцкім, маліліся за моладзь, якая прымала ў гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі, і аб Божым благаслаўленні для парафіі, якая будуе сваю святыню.

У гаміліі прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Юрый Марціновіч казаў пра дары Духа Святога, якія чалавек атрымлівае ў канфірмацыі. Святар падкрэсліў, што гэта найкаштоўнейшыя дары, якія можа даць толькі Бог.

karalino 36

На заканчэнне Імшы біскуп Кашкевіч, звяртаючыся да маладых людзей, якія ў колькасці 13 чалавек прыступілі ў гэты дзень да канфірмацыі, падкрэсліў, што без дапамогі Святога Духа было б вельмі цяжка верыць, маліцца, трываць у праўдзе, справядлівасці і любові, пераадольваць цяжкасці, змагацца з уласнымі грахамі, выконваць добрыя ўчынкі, узрастаць у любові да Бога і бліжняга.

Таму іерарх пажадаў маладым парафіянам, каб Дух Святы зрабіў кожнага з iх мацнейшым у веры, больш адкрытым на праўду і дабро, здольным супраціўляцца злу.

Маладыя людзі падзякавалі між іншым свайму біскупу, душпастыру парафіі і сястры Магдаліне Кулай, якая рыхтавала іх да прыняцця сакрамэнту.

karalino 48

Затым адбылося асвячэнне фігуры Маці Божай Беззаганнай, якая была ўсталявана на тэрыторыі аграсядзібы.

Пасля музычны гурт “Ave” Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне выступіў з канцэртам. Гэтым музычным акцэнтам, які стаў магчымасцю праславіць Пана Бога, завяршылася парафіяльная ўрачыстасць.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: с. Магдаліна Кулай CSCII