Skip to main content

Дзеці і моладзь гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай аб’ядналіся для падтрымкі пацыентаў хоспіса

hospis 6Вялікі пост – час для таго, каб праз свае ўчынкі станавіцца лепшымі, а таксама аб’ядноўвацца для добрых спраў, робячы крыху больш шчаслівымі тых, каму гэта вельмі патрэбна. Дзеці і моладзь парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне падрыхтавалі велікодныя падарункі і паштоўкі для пацыентаў гродзенскага хоспіса.

Ужо не першы год дзеці і моладзь парафіі дапамагаюць хворым на анкалогію пацыентам хоспіса ў Гродне, падапечным дабрачыннага фонду паліятыўнай дапамогі дарослым “Цэнтр Дапамогі Жыццю”. Гэта цудоўны прыклад таго, што нават дзіця можа зрабіць вялікую добрую справу, якая прынясе радасць невылечна хвораму чалавеку, і калі на такое здольныя дзеці, то не можа быць адгаворак для дапамогі ў дарослых.

 hospis 5

Для дзяцей і моладзі падрыхтоўка падарункаў і паштовак – утрая карысны працэс. Па-першае, гэта добрая справа, якая прынясе пацыентам хоспіса радасць вялікага свята Уваскрасення Пана. Па-другое, гэта не хвілінная справа, а магчымасць правесці час у калектыве і прыкласці намаганні для карысных рэчаў. Па-трэцяе, падчас падрыхтоўкі паштовак і вырабаў у дзяцей ёсць магчымасць абмеркаваць важнасць годных паводзінаў хрысціяніна у Вялікі пост і заўсёды.

Маладыя вернікі парафіі прынеслі самыя смачныя слодычы, у тым ліку хатнюю выпечку, самастойна зрабілі яркія паштоўкі і мілых велікодных курачак на палачках – усё для таго, каб у кожную палату хоспіса прыйшло свята.

Вынік перавысіў усе чаканні. Уся дапамога ўжо перададзена супрацоўнікам “Цэнтра Дапамогі Жыццю” для віншавання пацыентаў.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі