Skip to main content

Сустрэча кансэкраваных асоб прайшла ў Навагрудку

2019 06 19 sisters 00114–15 сакавіка ў Навагрудку па ініцыятыве Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі адбылася сустрэча для кансэкраваных асоб.

На сустрэчу, якая праходзіла ў душпастырскім цэнтры пры навагрудскай парафіі святога Міхала Арханёла, сабраліся прадстаўнікі розных манаскіх супольнасцяў, якія прыбылі з усіх дыяцэзій нашай краіны.

Усяго ў сустрэчы ўзялі ўдзел 33 кансэкраваныя асобы сярэдняга пакалення.

У першы дзень удзельнікам былі прапанаваныя змястоўныя і актуальныя тэматычныя канференцыі сястры Вікторыі Чэкан з Мінска. Законніца раскрыла тэму «Духоўнага мацярынства і айцоўства ў пастаяннай фармацыі», а таксама распавяла пра тое, як правільна перажываць эмоцыі, у канферэнцыі на тэму «Аптэчка першай дапамогі: стрэс, паніка, траўма».

Касэкраваныя асобы наведалі месца мучаніцкай смерці благаслаўлёных сясцёр назарэтанак, якія, ратуючы іншых, аддалі сваё жыццё падчас Другой сусветнай вайны. Там сабраныя памаліліся за Беларусь, аб навяртанні Расіі і аб спрыненні вайны ва Украіне, пасля чаго ўзялі ўдзел у цэлебрацыі святой Імшы ў навагрудскім фарным касцёле, які з’яўлецца санктуарыем сясцёр мучаніц.

2019 06 19 sisters 006

У старадаўняй святыні цяпер спачываюць іх рэліквіі, перад якімі кансэкраваныя асобы ўзносілі свае малітвы праз заступніцтва благаслаўлёных.

Увечары ўдзельнікі сустрэчы разам правялі час рэкрэацыі і арганізаванага адпачынку з гульнямі, пасля чаго скіраваліся ў капліцу, дзе адбывалася супольная адарацыя і была магчымасць споведзі.

2019 06 19 sisters 004

Новы дзень распачаўся з цэлебрацыі Эўхарыстыі. Пасля снедання ўдзельнікі наведалі музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку і здзейснілі экскурсію ў Завоссе, дзе нарадзіўся вялікі паэт нашай зямлі. Гэта было апошняе супольнае мерапрыемства ў межах сустрэчы, пасля якога кансэкраваныя асобы раз’ехаліся па дамах — у тыя мясціны, дзе яны нясуць сваё служэнне.

Дзелячыся сваімі ўражаннямі, адзін з удзельнікаў сустрэчы адзначае, што яна была вельмі карыснай, дала новы духоўны і псіхалагічны штуршок для далейшага служэння, а таксама ўнутранае святло для таго, каб належным чынам адказваць на выклікі сучаснасці.

«Па атмасферы, якая панавала ў гэтыя два дні, адчувалася, што гэта не апошняя такая сустрэча», — зазначае ўдзельнік.

 2019 06 19 sisters 011

Паводле Catholic.by