lida aswiczenie 6010 кастрычніка ў Лідзе ў мікрараёне Паўднёвы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў зямлю пад будаўніцтва новага касцёла, крыж, а таксама капліцу, якая будзе часовым месцам малітвы вернікаў новай парафіі святога Юзафа і благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка.

Парафія атрымала дзяржаўную рэгістрацыю ў 2017 годзе.

Першую Імшу ў новай капліцы, пабудаванай дзякуючы старанням мясцовых вернікаў і людзей добрай волі, цэлебраваў біскуп Кашкевіч. На ёй сабраліся шматлікія вернікі гэтай парафіяльнай супольнасці, а таксама іншых парафій Ліды. Прысутнічалі біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна i пробашч лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа кс. канонік Уладзімір Гуляй i пробашч лідскай парафіі Святой Сям’і кс. Руслан Мазан.

lida aswiczenie 43

Усіх прысутных прывітаў кс. доктар Віталій Сідорка, пробашч гэтай парафіі. Ён адзначыў, што іх супольнасць робіць першыя крокі і мае перад сабой шматлікія справы і праблемы, аднак выказаў перакананне, што “праўдзівым фундаментам парафіі, які дазволіць узрастаць у святасці, у адкрыцці і пазнанні Бога, але таксама ў вырашэнні розных цяжкасцяў, з’яўляецца супольная Эўхарыстыя”, якую мясцовыя вернікі цяпер будуць перажываць у новай капліцы.

Біскуп цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае парафіяльную сям’ю, якая, нягледзячы на тое, што стаіць толькі ў пачатку свайго шляху, ужо вельмі жывая і энергічная.

У жыцці парафіі актыўна ўдзельнічаюць вернікі, якія пад клапатлівым наглядам свайго душпастыра неаднаразова збіраліся на суботніках па прывядзенні ў парадак тэрыторыі, дзе была пабудавана капліца і дзе ўжо рыхтуецца фундамент пад будучы касцёл.

Пад кіраўніцтвам сястры назарэтанкі Галіны Занеўскай у парафіі дзейнічаюць дзіцяча-моладзевы і дарослы хоры. Таксама тут шмат вернікаў, якія аказваюць бескарыслівую дапамогу і падтрымку, напрыклад, у вырашэнні розных арганізацыйных пытанняў.

У гаміліі пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што, безумоўна, гэта гістарычная хвіліна, якая вымушае зазірнуць у сваіх думках і марах наперад, каб уявіць, якая радасць запануе ў сэрцах католікаў Ліды, калі ў гэтым месцы будзе асвячаццa парафіяльны касцёл.

“Мы верым, што дом Божы, які паўстане тут, таксама стане домам для ўсіх тых, хто хоча пачуць Божае слова, прыняць сакрамэнты, пакланіцца Езусу Хрысту, жывому і сапраўднаму, прысутнаму ў Эўхарыстыі”, – сказаў біскуп.

Іерарх дадаў, што выкананне гэтай справы запатрабуе шмат часу і вялікіх намаганняў, духоўных і матэрыяльных ахвяр, аднак трэба верыць, што з Божай дапамогай вернікі парафіі справяцца і пакінуць пакаленням, якія прыйдуць пасля iх, прыгожы парафіяльны касцёл як бачны знак нашай веры.

lida aswiczenie 65

Біскуп заахвоціў парафіян звяртацца ў просьбах да сваіх апекуноў – св. Юзафа Рамесніка, які атуляў вялікім клопатам Святую Сям’ю, і благаслаўлёных сясцёр назарэтанак, навагрудскіх мучаніц. Гэтыя мучаніцы далі прыгожае сведчанне Хрысту, найперш апякуючыся дзецьмі, моладдзю і сем’ямі ў Навагрудку, служачы ім ахвярна і бескарысліва, спалучаючы выхаванне ў веры з дабрачыннасцю, а потым, у хвіліну найвялікшага выпрабавання, не пабаяліся аддаць уласнае жыццё ў імя любові да бліжняга.

“Няхай прыклады святых будуць для нас заахвочваннем да здабывання сапраўднай мудрасці. Будзем жа адрываць нашы сэрцы ад рэчаў прамінальных, не дазволім, каб яны сталі сэнсам нашага жыцця і мэтай самі па сабе”, – пажадаў іерарх.

На заканчэнне Імшы пробашч выказаў удзячнасць між іншым усім сваім парафіянам за вялікі клопат і жаданне мець уласную святыню, а таксама біскупу за ўдзел у гэтай гістарычнай урачыстасці і за асвячэнне капліцы, крыжа і зямлі пад будаўніцтва касцёла.

Кс. Юрый Марціновіч

 

© 2006-2019 GRODNENSIS.BY  Creating and programming by Jan_Dax,  design by Alexey Sauhin.