Skip to main content

За ксяндза Алега Дуля памаліліся ў Ваўкавыску ў першую гадавіну яго смерці

dul rocznica 386 красавіка ў парафіяльным касцёле св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску адбылася святая Імша ў інтэнцыі ксяндза каноніка Алега Дуля ў першую гадавіну яго смерці.

У Імшы ўдзельнічалі яго аднакурснікі, а таксама парафіяне, якім ён служыў з вялікай адданасцю, і яго родныя.

Узначаліў цэлебрацыю біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На пачатку Эўхарыстыі іерарх адзначыў, што ў актаву Вялікадня прысутныя сабраліся ў гэтай святыні, пабудаванай дзякуючы старанням кс. каноніка Алега, каб выказаць Богу ўдзячнасць за дар яго жыцця і служэння.

Гамілію прамовіў кс. канонік Ян Кучынскі, аднакурснік і зямляк спачылага. Ён падкрэсліў, што гэты святар, які памёр год таму, распазнаў Езуса Хрыста, пачуў Яго голас і адказаў усім сваім сэрцам, каб верна Яму служыць.

На заканчэнне Імшы кс. Павел Звяжынскі, сённяшні пробашч парафіі пасля спачылага кс. Дуля, падзякаваў усім прысутным за супольную малітву і памяць пра святара, які застаўся ў сэрцах многіх вернікаў не толькі ваўкавыскай зямлі, але і тых месцаў, дзе служыў раней.

Ксёндз канонік Алег Дуль нарадзіўся ў 1973 годзе ў в. Падгалішкі, якая належыць да парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Забалаці (Радунскі дэканат).

У 1997 г. скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, 16 кастрычніка 1999 г. біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне.

З 1999 па 2000 гг. служыў вікарыем у сваёй роднай парафіі ў Забалаці, адначасова абслугоўваў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Начы, Божай Міласэрнасці ў Доцішках і св. Юрыя ў Асаве.

З 2000 г. распачаў служэнне ў якасці пробашча ў парафіі ў Начы.

З 2007 года быў пробашчам парафіі св. Станіслава Косткі і дэканам Ваўкавыскага дэканату.

Памёр 3 красавіка 2020 г. у Ваўкавыску на наступны дзень пасля смерці свайго бацькі.


Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Аліна Шастак