7 сакавіка ў парафіяльным касцёле св. Антонія і Аб’яўлення Пана ў Каменцы (Шчучынскі дэканат) адбудзецца святая Імша за памерлага 20 гадоў таму ксяндза прэлата Юзафа Грасевіча.
Пачатак а 12-й гадзіне.
Да ўдзелу ў малітве за спачылага святара, які апошнія гады свайго жыцця быў пробашчам у Каменцы, запрашаецца духавенства, сёстры законныя і ўсе вернікі.
Ксёндз прэлат Юзаф Грасевіч нарадзіўся ў 1904 г. на Беласточчыне ў вёсцы Багушы. Наведваў школу ў Беластоку, пасля яе заканчэння паступіў ва ўніверсітэт Стэфана Баторыя ў Вільні на факультэт паланістыкі.
Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў як паланіст у гімназіі айцоў езуітаў. Пасля двух гадоў роздумаў паступіў у духоўную семінарыю. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў з рук біскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага.
Быў рэдактарам “Каталіцкага часопісу” ў Вільні і духоўным акупеном гурткоў хрысціянскай моладзі. Зблізіўся з благаслаўлёным кс. Міхалам Сапоцькам і вучыўся яго жыццёваму прыкладу.
3 сакавіка 1942 г. у Вільні разам з іншымі святарамі быў арыштаваны, пасля высланы ў Сібір. Знаходзіўся ў лагеры ў Правенішках, потым у Комі. Толькі пасля смерці Сталіна вярнуўся ў касцёл у Новай Рудзе. Абслугоўваў некалькі парафій. Яго пастаянна кантралявалі спецслужбы, выклікалі на допыты, прыніжалі.
Удзельнічаў у заснаванні законнай супольнасці сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай). Прычыніўся да захавання і ўратавання ад знішчэння першага цудатворнага абраза Езуса Міласэрнага, напісанага паводле ўказанняў св. Фаўстыны па выразным пажаданні самога Езуса Хрыста. Aдышоў па ўзнагароду да Пана 1 сакавіка 2000 г. Пахаваны каля касцёла ў Каменцы, у абарону якога рашуча стаяў усё жыццё.